Актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» прысудзілі да арыштаў

Каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага прысудзілі да арышту на 10 дзён, Сяргея Мацкойця – да 5.

Сёння, 22 чэрвеня, у Менскім раённым судзе (вул. Маякоўскага, 119а) разглядаліся адміністрацыйныя справы актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага, Леаніда Кулакова і Сяргея Мацкойця, піша ПЦ «Вясна».

Іх затрымалі ў пятніцу за вывешванне расцяжкі «Свабоду Юрыю Рубцову!» на выездзе з Лагойскага тракту і склалі пратаколы за адміністрацыйнае правапарушэнне.

На выходныя ўсіх трох змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання Менскага раёна.

Як стала вядома, Сяргея Мацкойця абвінавацілі ў парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства (ч.1 арт.23.34 КаАП) і прысудзілі да 5 дзён адміністрацыйнага арышту.

Максіма Вінярскага судзілі паводле часткі 3 таго ж артыкула – правапарушэнне, учыненае паўторна цягам года. Суддзя Гарэлаў пакараў Вінярскага арыштам на 10 дзён.

Разгляд адміністрацыйнай справы над Леанідам Кулаковым адклалі да 23 чэрвеня пасля хадайніцтва адваката выклікаць у суд чатырох сведак. Кулакова вызвалілі ў зале суда.

Як стала вядома, Сяргея Мацкойця абвінавацілі ў парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства (ч.1 арт.23.34 КаАП) і прысудзілі да 5 дзён адміністрацыйнага арышту.

Прысуд вынес суддзя С. Ткачук.