Выбары

Валянцін Стэфановіч: Шэсць прычын… (частка 2)

Сёння мы публікуем наступныя тры прычыны, па якіх, на думку намесніка старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянціна Стэфановіча, правядзенне дэмакратычных, свабодных і празрыстых выбараў у Беларусі немагчыма…

(гл. першую частку)

 

Мы чуем шматлікія заявы кіраўніцтва краіны аб намеры правесці гэтыя выбары “спакойна” і ў поўнай адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і міжнароднымі стандартамі ў галіне свабодных і дэмакратычных выбараў. Але ці магчыма такое ў сённяшняй Беларусі? Назіраючы за выбарамі ў краіне з канца 90-х, у тым ліку за прэзідэнцкімі выбарчымі кампаніямі 2001, 2006, 2010 гадоў, мне падаецца, што гэта малаверагодна па наступных прычынах.

Прычына чацвёртая. Датэрміновае галасаванне.

Згодна з выбарчым заканадаўствам, кожны выбаршчык, які не можа прыняць удзел у галасаванні ў дзень выбараў, можа прагаласаваць датэрмінова на працягу пяці дзён. Ніякіх дакументаў, якія б падцвярджалі немагчымасць прымаць удзел у выбарах у асноўны дзень, прад’яўляць не трэба. На практыцы гэта прыводзіць да неабмежаванага выкарыстання ўладамі адміністратыўнага рэсурсу ў выглядзе “арганізаванага” датэрміновага галасавання студэнтаў, вайскоўцаў, жыхароў працоўных інтэрнатаў і проста працаўнікоў дзяржпрадпрыемстваў. Нярэдка гэта суправаджаецца фактычным прымусам да такога галасавання і груба парушае прынцып добраахвотнага ўдзелу ў выбарах, калі выбаршчык сам вырашае ці прымаць яму ўдзел ў галасаванні.

Традыцыйна, колькасць датэрмінова прагаласаваўшых па краіне на выбарах складае ад 20% да 30% выбаршчыкаў! Падобна, што ўлады выкарыстоўваюць датэрміновае галасаванне не толькі для забеспячэння яўкі на выбарах, але і для выканання іншых задач. Недарэмна Л. Ярмошына катэгарычна адмовілася задаволіць просьбы грамадзян аб устаноўцы відэа-камераў на выбарчых участках, якія б кругласуткава на працягу ўсіх пяці дзён і начэй назіралі б за захаванасцю выбарчых скрыняў.

Прычына пятая. Непразрыстая працэдура падліку галасоў.

Непразрыстая працэдура падліку галасоў з’яўляецца, бадай, самай вялікай сістэмнай праблемай нашага выбарчага заканадаўства і найбольш крытыкуецца як нацыянальнымі назіральнікамі, так і міжнароднымі.

Сапраўды, тое, якім чынам павінны адбывацца падлік галасоў, ніяк не прапісана ў Выбарчым кодэксе. Кожная камісія сама вызначае такі парадак. Адзіным патрабаваннем закона з’яўляецца раздзельны падлік галасоў: з пачатку лічацца бюлетэні са скрыні для датэрміновага галасавання, затым – са скрыняў для галасавання па месцы жыхарства выбаршчыкаў у дзень галасавання, а затым ужо – бюлетэні са скрыні для галасавання ў дзень выбараў. Пры гэтым самі вынікі такога падліку (асобна па кожнай скрыні) толькі агучваюцца камісіяй, а ў пратаколе аб выніках галасавання ўказваецца сумарны вынік. Навошта? Каб не было дакументальнага падцверджання часам дзіўнага дызбалансу размеркавання галасоў на датэрміновым галасаванні і галасаванні ў асноўны дзень выбараў паміж кандыдатам ад улады і альтэрнатыўнымі кандыдатамі. Словы да справы не прышыеш, як кажуць.

Сам жа падлік, як правіла, робіцца адразу ўсімі сябрамі камісіі, кожны з якіх лічыць свой невялікі стос бюлетэняў, запісвае вынік падліку на паперку і перадае старшыні камісіі. Старшыня камісіі падсумоўвае ўсе “паперкі” і запаўняе выніковы пратакол. Атрымліваецца, што праверыць ці адпавядае такі вынік рэальнаму падліку галасоў немагчыма, ды і няма каму (гл. раздзел пра склад камісій).

Пры такой сістэме падліку не тое, што назіральнікі, самі сябры камісіі выніка не ведаюць. Менавіта таму, нацыянальныя назіральнікі, прадстаўнікі апазіцыйных партый, а таксама БДІПЧ АБСЕ настойваюць, каб у выбарчым кодэксе быў замацаваны такі парадак падліку, калі бюлетэні лічацца адным сябрам камісіі і кожны бюлетэнь дэманструецца як сябрам камісіі, так і назіральнікам, а таксама іншым асобам, якія маюць права прысутнічаць падчас падліку галасоў на ўчастку. Такая ж працэдура падліку прапісаная і ў Канвенцыі аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабод дзяржаў – удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў, падпісанай у г. Кішынёў 7 кастрычніка 2002 года і ратыфікаванай Рэспублікай Беларусь 4 студзеня 2014 г.

Прычына шостая. Немагчымасць паўнавартаснага назірання за ўсімі выбарчымі працэдурамі.

Падчас назірання за выбарамі рознага ўзроўню мы неаднаразова адзначалі, што цэлыя этапы выбарчай кампаніі застаюцца па-за ўвагай назіральнікаў. Мы заўсёды зыходзілі з таго, што назіральнік мае права прысутнічаць і атрымліваць неабходную інфармацыю аб усіх выбарчых працэдурах і на ўсіх этапах выбараў, аднак на практыцы справа выглядае па-іншаму. Напрыклад, назіральнікам традыцыйна адмаўляюць у прысутнасці падчас працы тэрытарыяльных (акруговых) выбарчых камісій пры праверцы подпісаў, сабраных ініцыятыўнымі групамі па вылучэнні кандыдатаў ці то ў дэпутаты, ці ў прэзідэнты. Такім чынам, назіральнікі не могуць назіраць за гэтай працэдурай. Між тым, Выбарчы кодэкс утрымлівае досыць падрабязнае апісанне, якім чынам адбываецца такая праверка, якія подпісы і падпісныя лісты прызнаюцца несапраўднымі. Такім чынам, улады маюць шырокія магчымасці для безкантрольных маніпуляцый пры праверцы сабраных подпісаў і адмове ў рэгістрацыі (ці наадварот) кандыдатаў у залежнасці ад пастаўленай задачы.

Таксама назіральнікам, зарэгістраваным у тэрытарыяльных камісіях, традыцыйна адмаўляюць у праве прысутнічаць у гэтых камісіях у момант перадачы выніковых пратаколаў і выбарчых бюлетэняў з участкаў для галасавання. Гэтая частка працэсу з’яўляецца цалкам не галоснай, закрытай, можа суправаджацца рознымі маніпуляцыямі і “карэктыроўкай” атрыманых пратаколаў.

Але самае галоўнае, што назіральнікі фактычна пазбаўленыя магчымасці назіраць за працэдурай падліку галасоў. Усё, што бачыць назіральнік на ўчастку – гэта спіны сябраў камісіі, якія ў поўнай цішыні усе разам лічаць бюлетэні (гл. раздзел падлік галасоў). Пры такой сістэме падліку назіральнік не можа дакладна бачыць ягоны вынік.

Акрамя таго, копія пратакола, замацаваная подпісамі сябраў камісіі і пячаткай, назіральніку не выдаецца. Адпаведна любая копія пратакола, вырабленая самім назіральнікам, не можа мець сілу доказу фальсіфікацый ні ў вышэйстаячай камісіі, ні ў судзе. Гэта проста паперка з лічбамі, якія “прымроіліся” назіральніку. Між тым, пратаколы часам утрымліваюць лічбы, якія не стасуюцца паміж сабой і сведчаць аб магчымых фальсіфікацыях вынікаў і кепскай “рабоце з лічбамі”, праведзенай участковай камісіяй.

Знайсці ж інфармацыю аб выніках галасавання па ўсёй краіне з разбіўкай па кожнаму выбарчаму ўчастку краіны таксама немагчыма, бо такая інфармацыі нідзе публічна не размяшчаецца, што пазбаўляе сацыёлагаў, палітолагаў, назіральнікаў магчымасці правядзення аналізу гэтых дадзеных.

> Глядзіце, таксама, першыя тры прычыны.

spring96.org