Івонка Сурвіла: Мусім дамагацца, каб рэжым вызваліў палітвязняў

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі заяўляе, што ніякія выбары не могуць лічыцца законнымі і справядлівымі без выканання базавых дэмакратычных нормаў. У афіцыйнай заяве Рады БНР канстатуецца, што на дадзены момант у Беларусі адсутнічаюць умовы для правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў. Рада БНР патрабуе неадкладнага вызвалення і рэабілітацыі ўсіх беларускіх палітычных вязняў, кажа старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла:

Мы мусім дамагацца, каб рэжым вызваліў палітвязняў. Гэта абсалютна недапушчальна, каб у цяперашняй Еўропе яны яшчэ існавалі, каб над імі так здзекаваліся. І трэба, каб з гэтым змагаўся беларускі народ, а не некалькі актывістаў ды адважных, самаахвярных людзей. Трэба, каб беларускі народ зразумеў, што без вольных выбараў Беларусь ніколі не стане краінай, якой яна мусіла б быць.

СЛУХАЙЦЕ ТУТ СЛУХАЙЦЕ ТУТ

Рада БНР заклікае міжнародную супольнасць працягнуць ціск на афіцыйныя ўлады Рэспублікі Беларусь, каб дамагчыся абароны правоў чалавека і рэальных крокаў дзеля дэмакратызацыі палітычнага рэжыму ў Беларусі.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя