Здарэнні

Аўтарам графіці «Беларусь мае быць беларускай» пагражае да 6 гадоў турмы (+ відэа)

11 жніўня людзі ў чорнай форме з аўтаматамі ўварваліся ў тры менскія кватэры. Усіх, хто там быў паклалі тварам у падлогу. Праваахоўнікі прыйшлі з вобшкуам па крымінальных справах, пра якія маладым людзям паведамілі значна пазней.

Вобшукі праходзілі з парушэннямі: некалькі следчых адначасова пераварочвалі ўсё ў розных пакоях так, што за імі немагчыма было сачыць. У маладых людзей забралі «небясьпечныя» прадметы: кнігі, балончыкі з фарбай, усе накопленыя грошы, паведамляе spring96.org. Вобшукі прайшлі і ў бацькоў маладых людзей у Менску і Смаргоні.

Пасля вобшукаў было затрымана пяць чалавек, якіх абвінавацілі ў «страшэнных» злачынствах: намаляваных у Менску беларускамоўных графіці, а таксама расфарбоўцы сацыяльнага білборда ў чэрвені 2015 года.

Вячаслава Касінерава, Максіма Пекарскага, В. (імя прасіў не называць), Яраслава Ульяненкава і грамадзяніна Расеі Паўла падазраюць у наступных злачынствах:

1) графіці з надпісам «Беларусь мае быць беларускай», а таксама выявай арнаменту, перакрэсленымі сярпом з молатам, свастыкай, іншымі сімваламі і выявамі, што было кваліфікавана, як «наўмысныя дзеянні, якія суправаджаліся пашкоджаннем чужой маёмасці, нявысветленымі асобамі, якія груба парушылі грамадскі парадак і выразілі відавочную непавагу да грамадства». Узбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу – «Хуліганства, здзейсненае групай асобаў»;

2) графіці на былой вайсковай частцы з надпісам «Рэвалюцыя свядомасці, яна ўжо ідзе…», з выявай сілуэта чалавека, які кідае бутэльку з запальнай сумессю. Узбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 339 КК – «Хуліганства, здзейсненае групай асобаў»; 

3) запэцканы фарбай сацыяльны банэр з выявай супрацоўнікаў міліцыі па вул.Гарэцкага ў г. Менску. Узбуджана крымінальная справа па арт. 341 КК – «Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці».

Адразу пасля вобшукаў і затрыманняў хлопцаў адвезлі ў Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗ), і там, парушаючы працэсуальныя нормы і правілы (не прадстаўляючы права на абарону, без складання пратаколаў), пачалі праводзіць «неафіцыйныя» гутаркі, псіхалагічна ціснуць, правакаваць і нават некаторых збіваць. Туды ж – у ГУБАЗ – пазней падманам выклікалі і сяброўку аднаго з затрыманых.

«Я стала тэліць свайму сябру, але замест яго падняў нейкі мужчына, які прадставіўся супрацоўнікам міліцыі і сказаў, нібыта мой сябра наехаў на дзіцёнка на ровары. Запрасіў прыехаць па адрасе: вул. Рэвалюцыйная, 3. Маўляў, бацькі збітага дзіцяці заяву падалі, мо вы маглі б паспрыяць, каб яны заяву забралі. Я паехала. Там я даведалася, што сябру і яго таварышаў падазраюць у нейкім крымінальным злачынстве, і ніякага роварнага сутыкнення не было. Там жа задавалі шмат пытанняў супрацоўнікі 4-га аддзелу ГУБАЗу, пагражалі, ціснулі. Ніякіх пратаколаў не складалі, адваката не выклікалі. Пратрымалі дзве гадзіны і ўжо пасля 21 гадзіны павезлі ў Следчы камітэт (СК) на допыт як сведку», – распавяла Наста Мельнікава.

У гэты ж вечар адпусцілі і двух хлапцоў пад падпіску аб нявыездзе – Ульяненкава Яраслава і Паўла. Максіма Пекарскага і В. да гэтага часу трымаюць у ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ), а Вячаслава Касінерава знайшлі ў шпіталі з падвоеным пераломам сківіцы і пад канвоем. Хлопцы не даюць паказанняў. Ім пагражаюць, што возьмуць іх пад варту да суду.

Як распавёў ПЦ «Вясна» Яраслаў Ульяненкаў, у той вечар ён вярнуўся дамоў з працы і праз некаторы час да яго ў кватэру, зламаўшы дзверы, уварваліся людзі з аўтаматамі. 

«Мяне павалілі на падлогу, закавалі ў кайданкі і пачалі біць нагамі па целу, па галаве, пагражалі. Потым цягалі па ўсёй кватэры, зацягнулі ў пакой, прымусілі стаць тварам да сцяны. Білі па нагах, каб ногі стаялі максімальна далёка адна ад адной, працягвалі здзекавацца і збіваць. Пасля гэтага «маскі шоў» пачалі сыходзіць, а ў кватэру ўвайшлі супрацоўнікі аператыўнай службы і пачалі ператрус», – кажа хлопец. 

Пазней у Следчым камітэце на Я. Ульяненкава фізічна і псіхалагічна ціснулі, пагражалі непрыемнасцямі і крымінальным тэрмінам, казалі, каб здаў хлапцоў, якія нібыта гэта зрабілі. Дамовіцца з маладым чалавекам пра супрацоўніцтва спрабаваў праз тэлефон і супрацоўнік ГУБАЗу, які прадставіўся Луневічам Ігарам Паўлавічам.

«Напярэдадні выбараў усе маладзёвыя рухі, якія супярэчаць ідэалогіі, блакуюцца, і такім чынам ажыццяўляецца ціск на людзей», – падкрэслівае хлопец. 

На дадзены момант усе хлапцы маюць статус падазраваных. У выпадку надання ім статусу абвінавачаных ім пагражае да 6 гадоў турэмнага зняволення.

spring96.org