Былы палітвязень Юрый Рубцоў даехаў дадому
“Юрый Рубцоў таксама дома. Патэлефанаваў сыну ўжо з дома. На вакзале з ім чамусьці размінуліся”.
Юрый Рубцоў сёння патэлефанаваў з Бабруйска дадому ў Гомель і сказаў, што ўжо едзе. Яго збіраліся сустракаць сваякі, сябры і грамадскія актывісты але размінуліся з ім на вакзале і пэўны час было невядома, што з ім.
Нагадаем, 22 жніўня былі вызваленыя шэсць беларускіх палітвязняў, а сярод іх і Юрый Рубцоў. Грамадскі актывіст з Гомеля увосень 2014 года быў асуджаны на 1,5 года “хіміі” па абвінавачванні ў абразе суддзі. Мужчыну затрымалі міліцыянеры пасля “Чарнобыльскага шляху”. На шэсці на Рубцове была майка з надпісам “Лукашэнка сыходзь”. Праз два дні яго прывезлі ў суд з ізалятара на Акрэсціна голым па пояс. Абразлівае, на думку суддзі слова, прагучала ў яго адрас, калі ён пагадзіўся судзіць Рубцова ў такім выглядзе.
У красавіку 2015-га палітвязень аб\’явіў галадоўку, калі яго змясцілі ў следчы ізалятар паводле новага абвінавачання. А ў траўні яго асудзілі на 2 гады калоніі за “ўхіленне ад адбыцця пакарання” (палітвязень настойваў на тым, каб яму далі працу з сярэднім заробкам па краіне, ад іншай адмаўляўся).