Статкевіч-старэйшы атрымаў паштоўку ад Лёнданскага ПЭН-цэнтру
Віктар Статкевіч, бацька зьняволенага экс-кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча, атрымаў паштоўку з Ангельскага ПЭН-цэнтру.
Бацька былога кандыдата ў прэзыдэнты кажа, што цяпер ён часьцей атрымлівае лісты ад сына.
«Вось ужо тры лісты прыйшлі. Ён мне піша, што будзе кожны тыдзень зараз пісаць. Ужо яму гэта магчыма. Ну, канечне, што там ён можа напісаць пра сябе? Што жыве нармальна. Але добра і тое, што я ведаю, што ён жывы», — кажа Віктар Статкевіч.
12 студзеня ў шклоўскай папраўчай калёніі адбыўся суд над асуджаным Мікалаем Статкевічам. На ім судзьдзя шклоўскага суду Віталь Волкаў задаволіў прадстаўленьне адміністрацыі калёніі аб пераводзе палітыка на тры гады на турэмны рэжым як злоснага парушальніка.
14 студзеня стала вядома, што Мікалай Статкевіч этапаваны з Шклова ў папраўчую ўстанову «Турма № 4».
Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня за арганізацыю ў Менску 19 сьнежня 2010 году акцыі пратэсту супраць фальшаваньня выбараў.