Міхалевіча выклікаюць на допыт у Следчы камітэт
Былы кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч атрымаў позву ў Следчы камітэт на 11 верасня да следчага Дзмітрыя Купко.
Кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года Алеся Міхалевіча выклікалі на допыт у Следчы камітэт як абвінавачанага паводле справы аб “масавых беспарадках”. 8 верасня палітыка затрымалі на мяжы: ён вяртаўся з Чэхіі, куды з\’ехаў пасля выхаду са следчага ізалятара КДБ у 2011 годзе.
Следчы Дзмітрый Купко чакае палітыка на допыт 11 верасня, а 10 раніцы. Пра гэта “Еўрарадыё” распавёў сам Алесь Міхалевіч.
“Выклікаюць паводле майго ранейшага статусу – у якасці абвінавачанага паводле крымінальнай справы аб масавых беспарадках. Падрабязна мне нічога не тлумачылі, выклікалі для “правядзення следчых дзеянняў”. Паабяцалі, што змогуць запісваць мае паказанні па-беларуску”, – заявіў Міхалевіч.
Алеся Міхалевіча затрымалі ў ноч на 20 снежня 2010 года, пасля разгону Плошчы. Пасля двух месяцаў знаходжання ў следчым ізалятары КДБ яго выпусцілі. Праз тыдзень ён зрабіў гучную заяву аб катаваннях у следчым ізалятары і ягонай вярбоўцы. Праз нейкі час Міхалевіч таемна пакінуў краіну і збег у Чэхію.