Актуальна

Статкевіч пра расейскую авіябазу: РФ хоча вытаргаваць у Захаду нейкія саступкі (+ відэа)

Расейская авіябаза ўсё ж з\’явіцца ў Беларусі.

Адпаведную пастанову ўрада РФ падалі на подпіс прэзідэнту суседняй дзяржавы Уладзіміру Пуціну. Пра гэта напярэдадні заявіў прэм\’ер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў падчас прэс-канферэнцыі ў Гародні, якая прайшла акурат у гадавіну бітвы пад Воршай і ў Дзень беларускай вайсковай славы, перадае «Белсат».

Якія прэферэнцыі цяпер чакаць афіцыйны Менск з боку Крамля?

Павел Фельгенгауэр, палітолаг:

«Я не ўпэўнены, што будзе нейкая значная сума за арэнду. Беларусь увесь час хоча ад Расеі валюту, а таму магчымая рата якога-небудзь чарговага крэдыту, які можа быць дастаткова вялікім».

Згодна з афіцыйным дакументам, авіябаза ў Беларусі будзе выкарыстоўвацца для абароны дзвюх краін, у тым ліку для «процідзеяння ўзброенага нападу з боку міжнародных тэрарыстычных фармаванняў». Згода на авіябазу будзе дзейнічаць на працягу пятнаццаці гадоў і аўтаматычна будзе падаўжацца. Размяшчэнне ў нашай краіне вайсковай базы выгаднае і для Лукашэнкі, і для Расеі.

Мікалай Статкевіч, вайсковец, палкоўнік запасу:

«Яна пашырае не толькі вайсковы, але і палітычны ўплыў. Яна прысутнічае тут вайсковымі сіламі і можа выкарыстоўваць гэтыя сілы для ўнутранага ўварвання. Яна пагражае адсюль Захаду і спадзяецца, што такім чынам можна будзе вытаргаваць у напалоханага Захаду якіясь саступкі».

Аб\’ект стане ўжо трэцяй вайсковай базай Расеі ў Беларусі, хоць афіцыйна будзе называцца базай упершыню. Адзін з такіх пунктаў, 43-і вузел сувязі Вайскова-марскога флоту Расеі дзейнічае ў Вілейцы яшчэ з 1964 года, другі – радыёлакацыйная станцыя “Волга” – размяшчаецца пад Баранавічамі.