Статкевіч правёў пікет у цэнтры Мінска з патрабаваннем свабодных выбараў (+ відэа)
«Наша Ніва» вяла анлайн-рэпартаж с месца падзеі.
19:42
Пікет завяршаецца, людзі паціху разыходзяцца.
19:01
Статкевіч працягвае адказваць на пытанні, як журналістаў, так і прахожых. Ён кажа, што Лукашэнка зусім не гарант незалежнасці, а яе пагроза.
«Расійскі мядзведзь будзе пастаянна дыхаць у патыліцу» — кажа ён. Статкевіч зазначае, што Беларусі трэба мяняць форму ўладу, як у Польшчы, калі ўлада падзелена паміж прэзідэнтам і прэм\’ерам. Ён скептычна ставіцца да парламенцкай формы кіравання.
Палітык зазначае, што Беларусь апынулася ў дзіўнай сітуацыі, з аднаго боку аўтарытарызм, а з іншага боку пагроза з боку Расіі.
Статкевіч кажа, што да выбараў расійскай авіябазы не будзе, а пасля выбараў «за добрыя грошы, пагадненне будзе падпісанае».
18:44
Статкевіч падзякаваў людзям за пікет, за іх мужнасць і папрасіў разыходзіцца.
Лябедзька заклікаў людзей запісвацца ў назіральнікі, каб фіксаваць колькасць людзей, якія прыйдуць галасаваць.
Статкевіч працягвае нефармальна размаўляць з людзьмі, яны дзеляцца сваімі праблемамі.
18:3
Каля ГУМа сабралася больш за 200 чалавек.
«Мы патрабуем нармальных выбараў, мы паказалі, што мы людзі, мы павінны зрабіць Беларусь вольнай», — кажа Статкевіч. Ён прапануе зладзіць сустрэчу выбарцаў з Лукашэнкам, а таксама стварыць сайт у інтэрнэце, каб задаваць яму пытанні.
Някляеў зазначае: «Сёння ўсім беларусам сталі даводзіць, што толькі з адным чалавекам мы будзем свабоднымі, але гэта не так. За 20 гадоў рэформаў у краіне няма, абмяжоўваюцца правы людзей, за 20 гадоў праўлення Лукашэнкі пераследуюцца людзі, ад беларускасці нічога не засталося, беларускі свет заменены рускім. Я нічога не маю супраць рускіх не маю, не маю супраць Расіі, але я не за рускі свет.
Нам зараз з Лукашэнкам прапануюць ісці ў Еўропу, але гэта нонсэнс», — кажа У. Някляеў.
Лябедзька прапануе абвясціць 11 кастрычніка «Дзень грыбніка» або дзень наведванняў зяцем цёшчы. «Гэта будзе наша перамога, яны хочуць фарсу, хай будзе фарс», — кажа ён.
18:31
Прыйшоў Алесь Міхалевіч, які нядаўна вярнуўся з эміграцыі. Яго сустракаюць апладысментамі. Міхалевіч і Статкевіч абдымаюцца.
Статкевіч размаўляе і з графам Прушынскім.
18:26
Рэжысёрка і грамадская актывістка Вольга Мікалайчык узлезла на парапет ГУМа з вялікім бел-чырвона-белым сцягам.
18:24
Людзі скандуюць «Жыве Беларусь», ладзяць авацыі Статкевічу.
18:21
Міліцыя не перашкаджае сходу, стаяць па перыметры.
18:16
Каля ГУМа сабралася ўжо больш за 100 чалавек. Міліцыянер склаў пратакол аб адміністрацыйным парушэнні на Статкевіча і сышоў.
Статкевіч не прадпрымае нейкіх радыкальных крокаў, ён размаўляе з людзьмі, адказвае на пытанні журналістаў, простых людзей. Людзі падыходзяць, ціснуць яму руку, выказваюць яму падзяку, фатаграфуюцца.
Прыйшла маці грамадскага актывіста Вячаслава Сіўчыка — Галіна Сіўчык
18:11
Узнята, як мінімум, тры бел-чырвона-белыя сцягі.
Статкевіч кажа, што ён задаволены пікетам. «Абсалютна нармальна праходзіць пікет», — кажа ён.
18:10
Міліцыя складае пратакол на Статкевіча. Палітык кажа, што пакуль будзе Лукашэнка, рэформаў у краіне не будзе.
18:04
Прыйшоў граф Аляксандр Прушынскі, спрабуе гутарыць з Віталём Волатам.
18:03
Прыйшоў чалавек з чырвона-зялёным сцягам, прадставіўся Віталь Волат. Кажа, што ў Іраку загінула шмат народа, а ён не хоча, каб людзі гінулі ў Беларусі.
«Жыве Лукашэнка, жыве Беларусь», — некалькі разоў паўтарае ён. Кажа, што будучыня за Лукашэнкам, але ён не вечны. Віталь Волат кажа, Караткевіч яму падабаецца, але Лукашэнка лепшы.
18:02
Мікалая Статкевіча палохаюць пратаколам. Статкевіч кажа, што ён праз гадзіну скончыць.
Міліцыя прапануе яму прайсці ў пастарунак.
Людзі пачынаюць абурацца, кажуць, што дайце пагаварыць са Статкевічам.
18:01
Перабоі з відэа-трансляцыяй. Магчыма, перадачу дадзеных блакуюць.
18:00
Залуналі бел-чырвона-белыя сцягі.
17:50
Сабралася некалькі дзясяткаў чалавек. Прыйшоў Уладзімір Някляеў.
17:45
Каля ГУМа паявіўся Мікола Статкевіч, яго абступаюць людзі, ціснуць руку.
17:43
Каля ГУМа ходзіць некалькі чалавек з навушнікам у вуху, але міліцыі пакуль не назіраецца.