Навіны

Зянон Пазняк «сустрэне» Лукашэнку ў Нью-Ёрку

Стала вядома дата выступу Лукашэнкі з трыбуны Арганізацыі Аб\’яднаных Нацый.

Дыктатар выступіць у першы дзень агульнай дыскусіі юбілейнай 70-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН 28-га верасня. Агульная дыскусія пачнецца адразу пасля саміту ААН, які пройдзе 25-27 верасня, і будзе прысвечаны парадку дня развіцця пасля 2015 года. Пра гэта ў інтэрв\’ю БелТА паведаміў пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Андрэй Дапкюнас, інфармуе «Радыё Рацыя».

«Як вам вядома, Рада БНР не прызнае легітымнасці Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, і таму мяркуе, што ён з трыбуны ААН гаварыць ад імя беларускага народа не мае права», – адзначыла старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. – Аднак, не будзе ён адзіным прысутным там дыктатарам, а таму вынікі яго прысутнасці будуць залежаць ад таго, што ён будзе казаць. Калі ён выступіць з падтрымкай замежнай палітыкі Крамля ва Украіне і Сірыі, то ён пакажа свету сваю поўную залежнасць ад Масквы. І ў выпадку расейскай агрэсіі супраць Беларусі, ніхто нам не дапаможа абараняць незалежнасць беларускай дзяржавы».

«Прысутнасць Лукашэнкі ў Нью-Ёрку была б карысна толькі ў выпадку, калі б ён з міжнароднай трыбуны выступіў з пратэстам супраць намеру Масквы размяшчаць свае паветраныя базы ў Беларусі. Але ён, на жаль, гэтага не зробіць, бо не дабрабыт дзяржавы ёсць мэтай яго жыцця», – дадала Івонка Сурвіла.

«Няхай прыязджае, мы яго тут сустрэнем», – сказаў Зянон Пазняк у адказ на пытанне аб запланаваным выступе Аляксандра Лукашэнкі ў Нью-Ёрку:

– Так, хай прыязджае. Мы яго тут «сустрэнем». Але трэба сказаць, што гэта звычайны пратакол: дзяржава, якая з\’яўляецца сябрам ААН, незалежна ад палітычных пытанняў, санкцый і гэтак далей, мае права ўдзельнічаць у сесіях. І таму тут ніхто нічога не можа памяняць. І ў 2005 годзе Лукашэнка таксама прылятаў і выступаў, хоць і тады ён быў нелегітымным, ніхто яго не прызнаваў, але гэта права дзяржавы застаецца, і ён гэта выкарыстаў. Так калісьці і Хрушчоў выкарыстаў, калі пантофляй па трыбуне біў, так выкарыстаў і Фідэль Кастра, і ўсе дыктатары. Гэта такі механізм, гэта такая арганізацыя.

– І вы там рыхтуеце акцыю да прыезду Лукашэнкі?

– Так, і не толькі мы. Тут стае людзей.

Сесія ААН пройдзе ў штаб-кватэры арганізацыі ў Нью-Ёрку. Паведамляецца, што большасць лідараў дзяржаў, якія возьмуць удзел у саміце ААН, таксама возьмуць удзел і ў сесіі пасля яго. Пры гэтым плануецца, што колькасць кіраўнікоў дзяржаў складзе блізу 160 чалавек.