Някляева просяць даць тлумачэнні наконт пікету каля ГУМа

Палітыку патэлефанавалі з міліцыі і папрасілі даць тлумачэнні аб удзеле ў пікеце за свабодныя выбары 10 верасня каля ГУМа.

Пра гэта пісьменнік, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года напісаў у «Фэйсбуку».

«Патэлефанавалі з органаў (міліцэйскіх), настойліва прапанавалі прыйсці, каб даць тлумачэнні аб удзеле ў пікеце 10 верасня. Для прыняцця пастановы, – напісаў ён. – Канстытуцыя РБ, якая нават у тым выглядзе, які надаў ёй цяперашні беларускі рэжым, дае мне, як і кожнаму грамадзяніну Беларусі, права свабодна выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю».

«Падчас выбарчых кампаній гэта права яшчэ і падмацаванае 45 артыкулам Выбарчага кодэкса. Тыя «праваахоўнікі», якія пазбаўляюць мяне, усіх грамадзян Беларусі гэтага права, не даюць магчымасці яго рэалізаваць, і ёсць першыя правапарушальнікі. Кіруючыся падзаконнымі дэкрэтамі, указамі, загадамі, інструкцыямі, яны служаць не закону, а беззаконню. Вось і ўсе мае тлумачэнні», – адзначыў палітык.

Нагадаем, 10 верасня каля ГУМа адбыўся пікет за свабодныя выбары, арганізаваны былым палітвязнем Мікалаем Статкевічам. На акцыі, якую наведалі больш за 200 чалавек, беларусаў заклікалі праігнараваць «выбары».