Мікалай Статкевіч: «упіраўся нагамі ў сценку паміж нарамі і падцягваўся»
Экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч распавёў, ці ёсць спорт у турме.
Пра гэта палітык распавёў у інтэрв\’ю сайту by.tribuna.com.
– Вы – афіцэр, служылі ў савецкім войску, дзе заўсёды актыўна культываваўся спорт. Вы спартыўны чалавек?
– Пэўным відам спорту не займаўся. Хутчэй маё захапленне можна назваць фізкультурай. Заўсёды стараўся і імкнуся падтрымліваць цела ў форме. Да прыкладу, быўшы курсантам ў вайсковым вучылішчы падцягваўся 17 разоў. Але больш за любіў бег. Шмат у чым дзякуючы спадчыннай упартасці ў мяне лепш атрымоўваліся стаерскія дыстанцыі. Калі ўсе «спыняліся», я раптам выяўляў у сабе дадатковыя сілы.
Акрамя вялікай упартасці ў мяне яшчэ вялікая грудная клетка, як і ў бацькі. Я з досыць старой шляхетных сям\’і. А ў старыя часы існаваў сацыяльны ліфт: любы мужык мог пайсці на вайну, здзейсніць нешта гераічнае, выжыць і за гэта атрымаць шляхецтва. А каб выжыць на вайне, трэба мець добрыя фізічныя дадзеныя. Таму Беларусь у канцы 18 стагоддзя была ўнікальнай краінай. Шляхецтва складала да 14 адсоткаў усяго насельніцтва. У Еўропе шляхты было паўадсоткі. Яна паміж сабой крыжавалася і вырадзілася. А тут, наадварот, наверх падымаліся самыя лепшыя людзі, якія давалі моцнае патомства.
У маёй сям\’і асаблівасць – вялікая грудная клетка і вялікая ўпартасць. І гэта дапамагала. Пасля заканчэння вайсковага вучылішча чатыры гады служыў у Запаляр\’і. У адпачынку ездзіў на вайскова-спартыўныя базы ў гарах. Тады афіцэрам гэта абыходзілася за чвэрць кошту. Высветлілася, што я добра прыстасаваны да горна-спартыўнага турызму. Браў вялікі заплечнік і ішоў у горы.
Я служыў на аўтаматызаваным камандным пункце зенітна-ракетнай брыгады. Быў старэйшым інжынерам і начальнікам аддзялення баявога кіравання. На той час у нас была самая перадавая тэхніка. Мы абаранялі стратэгічны аэрадром марской авіяцыі, вузлавую станцыю і вельмі закрыты вайсковы горад са складамі ядзерных боепрыпасаў Паўночнага флоту. Размяшчаліся на Кольскім паўвостраве і чакалі ўдар праз Паўночны полюс з боку Амерыкі. У выпадку такой агрэсіі нам было адведзена мала часу. Калі б вытрымалі хвілін 20, нас пасмяротна можна было рабіць героямі.
Дзяжурыць даводзілася дзень праз два. Гэта вельмі збівала з рытму трэніровак. Ды і клімат спецыфічны: лета кароткае, зіма доўгая, палярная ноч. Але я ўсё роўна бегаў, нават зімой. У асноўным ранкамі. Аднак пасля паступлення ў вайсковую аспірантуру перайшоў на вечаровы бег. Трэба было пісаць кандыдацкую дысертацыю і 12 гадзін у дзень сядзець на крэсле. Увечары выходзіў на стадыён у вайсковым гарадку на 9-м кіламетры, прабягаў паўтара кіламетра. Потым займаўся на брусах і турніку.
Але за месяц да абароны доктарскай дысертацыі мяне выштурхнулі ў чыстую палітыку. Гэта быў 95-ы год. У гэты час спадар Лукашэнка стаў на любых умовах аб\’ядноўвацца з Расеяй. Што спараджала бесперапынныя дэманстрацыі і, як следства, адміністрацыйныя арышты. Дакладна не памятаю, але з 96-га да пачатку нулявых ў мяне назапасілася іх парадку 25. А ў спецпрыёмніку-размеркавальніку на Акрэсціна, куды нас вазілі, умовы вельмі строгія – драўляны памост і ўсё. Я выпрацаваў свой комплекс практыкаванняў для падтрымання формы – прысяданні, пад\’ём на дыбачках, прэс і адцісканні. У «вольны» час трэніраваўся на гімнастычнай сценцы дома: падцягваўся, рабіў практыкаванні на прэс. Неяк падчас адной з выбарчых кампаній перастаў – хутка адчуў, што ў мяне ёсць хрыбетнік.
– Ваш бацька – настаўнік гісторыі, мама – настаўніца рускай мовы. Адкуль любоў да фізкультуры?
– Я вырас у вёсцы, дзе фізічнай нагрузкі ставала. Але, як і іншым хлапчукам, мне хацелася выглядаць яшчэ мацнейшым. З гульнявых відаў спорту любіў баскетбол. Але самае любімае практыкаванне – падцягванне. Гэта добра характарызуе чалавека. Ты цягаеш уласныя кілаграмы. Яшчэ са школы усталяваў для сябе крытэрый: 12 разоў падцягваешся – здаровы.
Доўгі час я бегаў трушком, але дзесьці ў 2000-м годзе спыніў. Гэта захапленне стала небяспечным. Я жыў у вайсковым гарадку і бегаў па лесе. Ня хутка, але мог прабегчы кіламетраў шэсць за раз. Са мной заўсёды побач бег сабака. Спярша мая, а пасля таго, як яе атруцілі, да мяне прыбіўся бяздомны баксёр. Я яго назваў Міша. Кожную раніцу Міша сустракаў мяне ля пад\’езда, і мы бегалі. Неаднаразова спрабаваў зацягнуць яго дадому, але ён заўсёды ўцякаў. Свабодалюбівы сабака. Аднойчы падчас чарговай прабежкі сабака спыніўся прама на дарозе і загыркаў. Фактычна не пускаў мяне далей. А сцежка ішла скрозь ялінкі, праз якія мала што можна было разглядзець. Увогуле, участак я абабег. Павярнуўся – стаяць нейкія хлопцы і глядзяць у мой бок. Потым рэзка пабеглі за мной. Але ў маім лесе мяне не дагнаць. Можна сказаць, Міша мяне ў нейкай меры выратаваў.
– У 2005 годзе вас прысудзілі да трох гадоў прымусовай працы. На “хіміі” была магчымасць прадаўжаць займацца спортам?
– Я «жыў» у Баранавічах і працаваў у «Рэмбыттэхніка» майстрам па рамонце электраабсталявання. Я кандыдат тэхнічных навук. Закон Ома ведаю. Гэтага дастаткова, каб рамантаваць ўсё. Бег да таго часу замяніў на хуткую хаду. Таксама добры занятак – выдатна зганяе вагу, ды і нядрэнна танізуе. Спярша жыў у інтэрнаце, а потым «выбіў» сабе магчымасць жыць у бацькі. І на працу хадзіў пешшу. Трэба прызнацца, хадзіў не спяшаючыся. Дарога ляжала праз спартыўны гарадок школы. Кожны раз, праходзячы міма, спыняўся і займаўся на турніках. Калі ж мяне «адправілі ў камандзіроўку» рамантаваць у калгасе элекраабсталяванне аўтатрактарнай тэхнікі, то ў амаль разбураным інтэрнаце, дзе жылі такія ж «хімікі», як я, абсталяваў трэнажорны пакойчык. Павесіў турнік, арганізаваў месца для душа – у адмысловым адсеку паслаў тоўсты цэлафан і паліваў сябе гарачай вадой з вядра. А калі выявіў, што ў мясцовым клубе ёсць трэнажорная заля з душам, стаў хадзіць туды тры разы на тыдзень.
Пасля амністыі зрабіў дома турнік, купіў клямары для адцісканняў і займаўся. Ну і не пераставаў хадзіць па горадзе. Я наогул рэдка карыстаюся аўтамабілем. Толькі для далёкіх паездак. Звычайна хаджу пешшу. Разумею, што напружваю пэўныя службы. Адна справа за машынай ездзіць, а тут чалавек ходзіць дзе заўгодна, у тым ліку і дварамі.
– Другі раз вы апынуліся за кратамі ў 2011 годзе.
– Спачатку са спортам было складана. Я трапіў у калонію пасля галадоўкі. Калі п\’еш толькі ваду, трэба рабіць мінімум практыкаванняў, каб не было незваротных наступстваў. А пасля траўмы я не мог нешта рабіць. 19 снежня, 2010 каля офіса Някляева (Уладзімір Някляеў – экс-кандыдат у прэзідэнты – Tribuna.com) спыняў збіццё маладзёна, які закрываў мяне ад наскокаў міліцыі, і ўрэзаў амапаўцаў. Прыйшлося адбівацца ад дубінак. Пакалацілі прыстойна, таму выходзіў з галадоўкі вельмі дрэнна.
У калоніі мяне прызначылі на самую цяжкую працу – на пілараму. Там працавалі хлопцы, якія былі як мінімум удвая маладзейшы за мяне. Наогул, па свайму ўладкаванню калонія падобная да войска. Тэрыторыя разбіта на баракі. Кожны барак абнесены калючым дротам – гэта лакальная зона атрада. Зэк можа спакойна хадзіць па адведзенай тэрыторыі. На вуліцы да плота былі прывараныя брусы і турнік. Была яшчэ агульная самаробная трэнажорная заля на стадыёне, але каб там займацца, трэба атрымліваць дазвол у начальніка калоніі. А мне яго не давалі.
У пачатку тэрміну мог падцягнуцца адзін раз. Ды і то ледзь-ледзь. Але, цягаючы бярвёны, хутка прыйшоў у норму і за некалькі тыдняў дайшоў да мінімальных 12 разоў. Першы час займаўся кожны дзень, але калі пачалася актыўная праца на пілараме, патрэба адпала. Паспрабуй пацягаць цяжкія бярвёны! Праўда, стала балець спіна. Але 150 разоў практыкаванняў прэса ў дзень дастаткова, каб адчуваць сябе нармальна.
Акрамя мяне на турніках займаліся іншыя зняволеныя. Не шмат. Дзесьці адсоткаў 15-20 атрада. Цікава, але праз нейкі час брусы і перакладзіну ля плота прыбралі.
– Потым вас перавялі ў турму.
– Там трэба абавязкова трымаць сябе ў форме. Умовы вельмі цяжкія: шпацыр мінімальны, прастора замкнёная, сонечнага святла амаль няма. У камеры знаходзіўся 23 гадзіны ў дзень. На гадзінку мяне выводзілі на шпацыр у такую ж камеру, акружаную высокімі сценамі, толькі без даху. Замест яго густая сетка. Усё зроблена так, каб ты не бачыў неба. Каб гэтаму супрацьстаяць, трэба ўсё ўспрымаць як асабісты выклік і вайну. Падчас першай пабыўку ў турме займаўся тры разы на дзень. Пасля таго, як праз тры гады мяне на два месяцы вывезлі назад у калонію, павялічыў да чатырох.
– Раскажыце пра свой распарадак дня.
– Пасля ўздыму і ранішняга туалета размінаўся. Пачынаў з шыі і паступова спускаўся ўніз па целе. Стандартная размінка: шыя, кісці, рукі, паясніца. Пасля, нахіліўшыся, махаў рукамі ад адной ногі да іншай. Заўсёды рабіў гэты млын 21 разоў. Затым прыўздымаўся на дыбачках да таго часу, пакуль не пачыналі смылець ікры. А на завяршэнне рабіў 17 прысяданняў.
Пасля сняданку была праверка. Чакаючы яе, хадзіў па камеры. Яна была вялікая – 11 метраў. Па прамой можна было прайсці крокаў сем-восем. Пасля праверкі займаўся ангельскай. А 09:30 мяне выводзілі на гадзінны шпацыр. Менавіта там была другая трэніроўка: 25 хвілін хадзіў па дворыку хуткім крокам, прысядаў 84 разы, разбіўшы на чатыры падыходы, столькі ж разоў адціскацца спіной ад лаўкі. Праца на трыцэпс, каб было больш зразумела. Вярнуўшыся ў камеру, на ложку рабіў прэс. Звычайна адразу рабіў 200 разоў. Напэўна, гэта памылка, але наважыў рабіць усё разам, каб не нерваваць адміністрацыю – на нарах можна толькі сядзець.
Самым складаным і цікавым былі падцягванні – трэцяя трэніроўка. На нарах ёсць металічны борцік. Чапляўся за яго рукамі, абматаўшы кавалачкамі коўдры, а нагамі ўпіраўся ў сценку паміж нарамі, і падцягваўся чатыры падыходы па 17 разоў.
А падчас другой пабыўкі ў турме ўвёў дадатковую трэніроўку ў пяць гадзін вечара – чатыры падыходы адцісканняў па 21 разу. Фізкультура была шэсць разоў на тыдзень. Толькі ў нядзелю на просьбу майго суседа (два гады сядзеў з былым спэцназаўцам, асуджаным за забойства) абмяжоўваўся зарадкай.
Увогуле, дзесьці праз паўтара года пасля галадоўкі аднавіўся канчаткова. Зніклі праблемы з пульсам. Аднойчы нас з сакамернікам вывелі шпацыраваць у так званы моладзевы панадворак. Там у куточку быў турнік. Я падцягнуўся 12 разоў і ўвёў яго ў шок.
– Вядома, што лазня была раз у тыдзень. Як мыліся пасля трэніровак?
– Абціраўся халоднай вадой (цёплай не было). Закручваў ручнік вакол пояса, выліваў ваду на сябе, а потым выціраў. Узімку загартоўваўся два разы на дзень, а ўлетку – тры. І я добра сябе адчуваў. Апошнія паўтара гадоў у турме не хварэў.
– Вам дазвалялі глядзець тэлевізар?
– Першы год – не. Я быў на строгім рэжыме, які забараняе гэта. А пасля пераводу на агульны у студзені 2013 з\’явіўся тэлевізар. Але яго больш глядзеў сусед. Я ў асноўным перамыкаў на навіны. Па беларускай тэлевізіі лепш за ўсё глядзець спартыўныя перадачы. Гэта менш напружвае. З буйных спаборніцтваў глядзелі Алімпіяду ў Сочы.
У калоніі з тэлевізарам было прасцей. У нашым бараку іх было тры. Два ў спальным памяшканні і яшчэ адзін у пакоі адпачынку. Наша брыгада, якая працавала на пілараме, заўсёды займала тэлевізар, калі «Дынама» гуляла ў КХЛ. Мы былі самыя моцныя хлопцы, таму нам было можна. Нам адчынялі пакой адпачынку, і мы глядзелі хакей. Адзін хлопец заўзеў за рыжскае “Дынама”. І, вядома, гэта была тэма для слоўных двубояў, жартаў і кпінаў. Мы былі вясёлай кампаніяй. Як я заўсёды кажу: у самым дрэнным месцы – самыя лепшыя людзі. Таксама глядзелі футбол, біятлон, тэніс. Радаваліся медалям Дар\’і Домрачавай, поспехам Вікторыі Азаранкі. Заўзелі за беларускія каманды. Я не атаясамляю беларускі спорт з чалавекам, які кіруе краінай. Шмат робіць для спорту? Хай хоць нешта добрае робіць.
– У якой вы цяпер форме?
– Месяц, які мінуў пасля вызвалення, не займаўся. Сёння раніцай наважыў зрабіць зарадку. Устаў крыху раней, выйшаў у сад прыватнага дома жонкі, размяўся, трохі адціснуўся і пяць разоў падцягнуўся. Гэта замала, але пасля такога перапынку – добра. Мне ўсё ж такі 59 гадоў. Буду займацца рэгулярна і праз два тыдні дацягну да сваіх 12 разоў.