Грамадская акцыя

17-гадовы хлопец, які выйшаў на плошчу Незалежнасці: «Гэтыя выбары – фарс»

Малады чалавек выйшаў 11 кастрычніка на плошчу Незалежнасці з бел-чырвона-белым сцягам.

Ягор Скрабнеўскі спакойна стаяў з бел-чырвона-белым сцягам увечары 11 кастрычніка на плошчы Незалежнасці, калі да яго падышлі супрацоўнікі міліцыі. Спачатку міліцыянты заявілі, што Ягор будзе абвінавачаны ў арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Затым – абвінавацілі хлопца ў нецэнзурнай лаянцы. У выніку Ягора адвялі ў маршрутку, якая была прыпаркаваная ля Чырвонага касцёла, склалі на яго пратакол і адпусцілі, піша «Наша Нiва».

Ягор Скрабнеўскі вучыцца ў 11 класе ў звычайнай менскай школе №90. Кажа, што выйшаў 11 кастрычніка на плошчу з бел-чырвона-белым сцягам, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю.

«Я патрыёт, вось у чым справа, калі казаць коратка, – кажа Ягор. – Я яшчэ не магу галасаваць. Але калі б мне споўнілася 18, я б на выбары не пайшоў. Я мяркую, што ўсё гэта фарс. Сёлета мае бацькі таксама не галасавалі».

Хлопец падкрэслівае, што разумеў, калі выходзіў, што можа здарыцца. Кажа, ведаў, якія магчымыя наступствы.

«Але калі ўсе будуць баяцца і не хадзіць, то ўвогуле загінуць беларусы. Ну так, я патрапіў у міліцыю, але я не шкадую, проста так здарылася. Такое магло адбыцца з кожным, хто выходзіць выказаць сваю незадаволенасць», – мяркуе Ягор.

Што яго чакае далей, хлопец пакуль не ведае. Пратакол ён не падпісваў.

«Я не ведаю, што там будзе. Прызначаць мне штраф ці не. Спадзяюся, што хопіць сваіх грошай, каб яго аплаціць, – кажа Ягор. – Пратакол я не падпісаў нават не таму, што быў не згодны. Мне яго проста не паказалі. Міліцыянты склалі яго, а потым мяне адпусцілі, вось і ўсё. На мае пытанні яны не адказвалі, але паводзілі сябе дастаткова спакойна. Прычым цікава, што ў мяне не было ж дакументаў – я непаўнагадовы. Міліцыя павінна была перадаць мяне маці, але адпусцілі проста так».

У панядзелак у школе Скрабнеўскага выклікалі да дырэктара на размову. Але, са слоў хлопца, яны проста пагаварылі. Ніякіх праблем яго прысутнасць на плошчы не выклікала. Прынамсі, пакуль што.

Хартыя\’97