Юрась Меляшкевіч: З выбарчага ўчастка мяне выносілі міліцыянты са зброяй

Прыход на ўчастку №65 у Менску быў завышаны на 39%, а «лічыць» галасы пры назіральніках камісія не адважылася.

Пра гэта ў інтэрв\’ю charter97.org распавёў актывіст руху «За свабоду» Юрась Меляшкевіч, які назіраў за «выбарамі» ў Савецкім раёне горада Менска:

– Я назіраў на ўчастку №65, на ім таксама былі назіральнікі ад кааліцыі «Права выбару – 2015», руху «За свабоду», партыі БНФ. Я быў накіраваны рухам «За свабоду». Таксама на ўчастку «назіралі» прадстаўнікі розных праўладных арганізацый і партый.

Цягам ўсяго тыдня мы фіксавалі прыход і ў дзень «галасавання» хацелі падысці да сталоў і ўбачыць, як па-сапраўднаму размяркоўваюцца галасы за «кандыдатаў». На гэта старшыня камісіі заявіла, што мы павінны знаходзіцца на адлегласці не менш за пяць метраў ад таго месца, дзе «лічаць» галасы.

Я спаслаўся на нормы выбарчага кодэкса, падышоў на адлегласць паўметра ад камісіі і пачаў непасрэдна назіраць за тым, як яны раскладваюць бюлетэні. Старшыня камісіі спыніла «падлік», патэлефанавала ў ЦВК і сказала, што пакуль назіральнік не адыдзе ад стала, падліку галасоў не будзе.

Я адказаў ёй, што буду знаходзіцца каля стала і чакаць, пакуль «падлік» адновіцца. Пасля нядоўгай паўзы, да мяне сталі чапляцца так званыя «назіральнікі» з праўладных арганізацый. Яны сталі адштурхоўваць мяне і станавіцца паміж мной і чальцамі камісіі.

Калі яны ўбачылі, што ў мяне ўсё адно атрымліваецца стаць побач з камісіяй, быў выкліканы нарад міліцыі. Прыехалі два сяржанты дэпартамента аховы, на ўчастку тады ўжо знаходзіўся чалавек у цывільным, які вёў відэазапіс, і сабраліся міліцыянты з участку. Усяго іх было блізу васьмі чалавек і столькі ж так званых «назіральнікаў» ад дзяржустаноў.

Яны актыўна адцягвалі мяне ад стала, спрабавалі запалохаць. Супрацоўнік у грамадзянскім загадаў выкліканым міліцыянтам, каб яны мяне «ізалявалі без прымянення сілы». Паколькі я не паводзіў сябе агрэсіўна, стаяў, склаўшы рукі за спіной, ні з кім не размаўляў і нікога не чапаў – у міліцыянтаў не было ніякай падставы ўжываць сілу. Таму спачатку яны проста стаялі побач.

Але калі пачаўся «падлік» з асноўнага дня галасавання, старшыня камісіі зрабіла так, каб усе бюлетэні апынуліся ў адным стосе. Я запатрабаваў, каб яна сказала, як таго патрабуе выбарчы кодэкс, якія менавіта бюлетэні ў гэтым стосе. Яна адмовілася гэта зрабіць. І ў гэты момант мяне як раз сталі хапаць за паліто і выцягваць у калідор.

Спачатку мяне цягнуў чалавек у цывільным, потым да яго далучыліся два супрацоўнікі міліцыі дэпартамента аховы з аўтаматамі. Мне парвалі паліто, але я чалавек высокі, і ім было цяжка мяне адцягнуць. У выніку ў гэтай таўханіне я ўпаў, і яны мяне падхапілі і выцягнулі ў калідор. У калідоры яны ўжо змаглі не даць мне прайсці ў памяшканне для галасавання, пакуль не скончыўся «падлік» галасоў, і камісія не прыступіла да напісання выніковага пратаколу.

Я зняў звесткі з гэтага пратаколу: яны ашаламляльна адрозніваліся ад таго, што мы назіралі на «выбарах». Прыход быў завышаны на 39%, у вынасной скрыні для галасавання на даму выявілася ўдвая больш бюлетэняў, чым мы назіралі, калі хадзілі з ёй па ўчастку.

У выніку мы напісалі скаргі ў ЦВК, акруговую камісію і пракуратуру пра фальсіфікацыі на ўчастку і запатрабавалі праверкі ўсіх дакументаў, якія вяліся камісіяй падчас «галасавання».

– Вы пісалі ў сацыяльных сетках, што не шкадуеце пра выкрадзеныя галасы «кандыдатаў». З чым тады звязаная ваша прынцыповая пазіцыя на ўчастку?

– Я мяркую, што падчас падрыхтоўкі да «выбараў» ні Аляксандр Лукашэнка, ні іншыя кандыдаты не сабралі заяўленую колькасць подпісаў. Гэта мая персанальная пазіцыя, я добра ведаю, што такое сабраць 100 тысяч подпісаў. Я мяркую, што Лукашэнка не сабраў тыя мільёны, пра якія ён заявіў, а так званыя «кандыдаты» не сабралі свае 100 тысяч, пра якія яны казалі.

Мне было цікава ўбачыць сапраўдны падлік галасоў і пачуць рэальныя лічбы, а не змагацца за каго-небудзь з «кандыдатаў», якіх я нават не ўважаю за палітыкаў, годных нашых намаганняў. Для мяне важна было ўбачыць не канкрэтныя вынікі за канкрэтнага «палітыка», а празрыстасць самога працэсу.

– Якую ацэнку хацелася б даць «выбарам»?

– Я назіраў на ўсіх выбарах, якія праходзілі ў Беларусі. «Выбары» гэтага года – найбольш сфальсіфікаваныя. На іх нават мінімальна не ставілася задача палічыць галасы. Было бачна, што камісіі нават не цікава змесціва скрыняў – ні выноснай, ні асноўнай.

Калі раней улады абмяжоўваліся фальсіфікацыяй вынікаў датэрміновага «галасавання», то на гэты раз не было нават мінімальных дэкарацый і бюлетэні зусім не раскладвалі па стосах: сфальсіфікаваныя былі і датэрміновае «галасаванне», і асноўны дзень, і вынасныя скрыні.

Працэдура «галасавання» і падліку галасоў ўсё больш становяцца нецікавымі для ўлады, якая ўжо не турбуе сябе задачай падтрымліваць бачнасць справядлівасці. Гэтыя «выбары» – найбольш цынічная фальсіфікацыя, якую я бачыў за ўвесь гэты час.

Хартыя\’97