Навіны

Мікалай Дзядок: Мой досвед камусьці патрэбны, значыць, сядзеў нездарма

Студэнты Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта сустрэліся з былым палітвязнем.

Мікалай Дзядок распавёў пра этапы жыцця арыштанта: ад ізалятара часовага ўтрымання да, так званай, крытай турмы. Таксама ён раскрыў адрозненні паміж рознымі месцамі ўтрымання зняволеных, напрыклад, папраўчай калоніяй і турмой, піша сайт ПЦ «Вясна».

«Для мяне такія сустрэчы карысныя тым, што я магу падзяліцца сваімі ідэямі, думкамі і турэмным досведам, распаўсюдзіць інфармацыю, якая ў нашым грамадстве невядомая. У выніку — адчуваю свой досвед запатрабаваным, а свае веды — камусьці патрэбнымі. Гэта значыць, чарговым разам пераконваюся, што сядзеў нездарма.

А для ўдзельнікаў сустрэчы — гэта магчымасць даведацца пра рэчы, пра якія не раскажуць па ТВ або на мэйнстрымавых сайтах, пашырыць свае веды аб анархізме, анархістах, карнай сістэме і нюансах яе працы».

Былы палітвязень адзначыў, што атмасфера сустрэчы ў ЕГУ была камфортнай і сяброўскай, што дапамагала выступоўцу не хвалявацца:

«Людзі, як мне падалося, слухалі ўважліва. Было адчуванне, што яны перажывалі тое, што я ім расказваў», — сказаў ён.

«На сустрэчы амаль нічога новага для мяне не было, бо я ўважліва сачыў за жыццём Мікалая за кратамі. На жаль, я не анархіст, але пакуты, перанесеныя ім, прымусілі мяне стаць ягоным паплечнікам не ў палітычным плане, а ў маральным», — падзяліўся меркаваннем Аляксей Гарноська, адзін са студэнтаў ЕГУ, які прысутнічаў на сустрэчы.

«Такія душэўныя, атмасферныя і шчырыя сустрэчы ў нас бываюць нячаста. Гэта як раз той выпадак, калі адчуваеш, што ў аўдыторыі лунае нейкі дух. Дух гуманнасці. Аповед Мікалая закрануў многіх з прысутных. Мне здаецца, наша супольнасць адчула ў той момант кошт чалавечага жыцця, кошт чалавечай свабоды. І я прынамсі вельмі ўсцешаны тым, што мы мелі такую магчымасць. Спадзяюся, Мікалай таксама атрымаў вялікае задавальненне ад нашай сустрэчы», — падкрэсліў Дзяніс Кучынскі.

Нагадаем, Мікалай Дзядок быў узяты пад варту 3 верасня 2010 года, асуджаны 27 траўня 2011 судом Заводскага раёна Менска паводле ч.2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства) да 4,5 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму. Пастановай суда ад 5 снежня 2012 умовы адбыцця пакарання яму былі змененыя на больш жорсткія — пераведзены з калоніі №17 Шклова ў турму №4 Магілёва. У лістападзе 2014 года на вязня завялі новую крымінальную справу паводле 411-га артыкула за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы» і 26 лютага 2015 суд падоўжыў яго зняволенне на 1 год і 3 дні. Да вызвалення адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі №9 горада Горкі, дзе 42 дні з 50-ці ён знаходзіўся ў штрафным ізалятары «за парушэнні рэжыму адбыцця пакарання» і «адмовы ад працы», пасля чаго быў пераведзены ў ПКТ. 22 жніўня выйшаў на волю паводле ўказу прэзідэнта аб памілаванні шасці палітвязняў.

preload imagepreload image