Уладзімір Някляеў: «У 1990-х супрацоўнікі КДБ выходзілі на акцыі разам з апазіцыяй» (+ відэа)

Палітык заклікае беларусаў сёння выйсці на акцыю памяці ахвяр рэпрэсій.

«У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ва ўнутранай турме НКВД былі расстраляныя 132 беларускія паэты, пісьменнікі, дзеячы культуры і навукі, прадстаўнікі тэхнічнай інтэлігенцыі», – нагадаў у сваім блогу паэт і палітык Уладзімір Някляеў і заклікаў сабрацца заўтра а 18:30 каля будынку КДБ у Менску, каб ушанаваць памяць забітых.

Замест сцягоў і харугваў Някляеў заклікаў браць з сабой выключна свечкі і лампадкі, бо ні мітынгу, ні прамоваў не будзе – толькі хвіліна маўчання як даніна памяці. Звяртаецца ініцыятар акцыі і ўласна да работнікаў Камітэта дзяржбяспекі: калі яны сапраўды іншыя і адрозніваюцца ад сваіх папярэднікаў-катаў, дык няхай выйдуць да суграмадзян не з дубінкамі, але таксама са свечкамі – і стануць разам з усімі ў ланцуг памяці. З жахлівага мінулага, падкрэсліў Уладзімір Някляеў, выйсці можна толькі праз ачышчэнне праз пакаянне. У «Гарачым каментары» «Белсата» – паэт і палітык Уладзімір Някляеў.

«На акцыях апазіцыі ў пачатку 1990-х гадоў, калі на іх выступалі Зянон Пазняк, Станіслаў Шушкевіч, Сяргей Навумчык, разам з людзьмі, якія прыходзілі да будынка КДБ, стаялі і супрацоўнікі гэтых самых органаў. Гэта ўжо было. І тады такая зацеплілася надзея, што пойдзе далей, што мы можам вырвацца, зрабіць першы крок з гэтага жудаснага мінулага ўсе разам. А не так, што адны будуць выходзіць, а іншыя іх будуць трымаць ды яшчэ біць па галаве дубінкамі», – заявіў Уладзімір Някляеў.