Эўразьвяз адклікае амбасадараў зь Менску
«Краіны Эўрапейскага зьвязу на знак салідарнасьці адклічуць сваіх амбасадараў зь Беларусі», — заявіла кіраўніца эўрапейскай дыпляматыі Кэтрын Эштан. Усе краіны Эўразьвязу таксама выклічуць беларускіх амбасадараў у свае міністэрствы замежных справаў.
Рашэньне было прынятае пасьля тэрміновай нарады, якую Кэтрын Эштан склікала ў Брусэлі пасьля зьяўленьня інфармацыі пра тое, што афіцыйны Менск запрапанаваў амбасадарам Польшчы і ЭЗ у Менску ад\’ехаць у свае краіны на кансультацыі.
Пасьля нарады прэсавая сакратарка Эштан Мая Кацыянчыч заявіла:
«На знак салідарнасьці і еднасьці мы дамовіліся, што паслы краінаў Эўразьвязу ў Менску будуць усе адкліканыя для кансультацыяў у свае краіны. Усе краіны Эўразьвязу таксама выклічуць беларускіх амбасадараў у свае міністэрствы замежных справаў».
Раней міністар замежных справаў Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле заявіў у Брусэлі, што Бэрлін адкліча свайго пасла зь Менску, бо «захады супраць ЭЗ і Польшчы — гэта таксама захады супраць Нямеччыны».
МЗС Польшчы назваў крокі Менску «непрыязнымі», а канцылярыя прэзыдэнта Браніслава Камароўскага паінфармавала, што прэзыдэнт «са шкадаваньнем успрыняў інфармацыю аб гэтым незразумелым рашэньні».