Эўразьвяз адклікае амбасадараў зь Менску

«Краіны Эўрапейскага зьвязу на знак салідарнасьці адклічуць сваіх амбасадараў зь Беларусі», — заявіла кіраўніца эўрапейскай дыпляматыі Кэтрын Эштан. Усе краіны Эўразьвязу таксама выклічуць беларускіх амбасадараў у свае міністэрствы замежных справаў.

Рашэньне было прынятае пасьля тэрміновай нарады, якую Кэтрын Эштан склікала ў Брусэлі пасьля зьяўленьня інфармацыі пра тое, што афіцыйны Менск запрапанаваў амбасадарам Польшчы і ЭЗ у Менску ад\’ехаць у свае краіны на кансультацыі.

Пасьля нарады прэсавая сакратарка Эштан Мая Кацыянчыч заявіла:

«На знак салідарнасьці і еднасьці мы дамовіліся, што паслы краінаў Эўразьвязу ў Менску будуць усе адкліканыя для кансультацыяў у свае краіны. Усе краіны Эўразьвязу таксама выклічуць беларускіх амбасадараў у свае міністэрствы замежных справаў».

Раней міністар замежных справаў Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле заявіў у Брусэлі, што Бэрлін адкліча свайго пасла зь Менску, бо «захады супраць ЭЗ і Польшчы — гэта таксама захады супраць Нямеччыны».

МЗС Польшчы назваў крокі Менску «непрыязнымі», а канцылярыя прэзыдэнта Браніслава Камароўскага паінфармавала, што прэзыдэнт «са шкадаваньнем успрыняў інфармацыю аб гэтым незразумелым рашэньні».

Радыё Свабода