Актуальна

Генсек Сацінтэрну: мы падтрымліваем барацьбу за свабодную Беларусь

Сацыялістычны інтэрнацыянал (Сацінтэрн) падтрымлівае аргкамітэт па стварэньні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) у яго барацьбе «за свабодную і сацыяльную Беларусь», заявіў генэральны сакратар Сацінтэрна Луіс Аяла на паседжаньні цэнтральнага камітэта партыі, якое праходзіць 28 лютага ў Менску.

Паводле слоў Аялы, сацыял-дэмакраты Беларусі павінны стаць «важнай часткай грамадзтва», як і ў іншых краінах сьвету. «Гэта патрэбна для фарміраваньня рэальнага палітычнага працэсу, свабоды ў краіне», — цытуе Аялу БелаПАН.

Аяла лічыць, што беларускім сацыял-дэмакратам «пачынаць трэба з галоўнага — з сапраўднага ўдзелу ў палітычнай сыстэме, які прынясе стабільнасьць».

«Гэты тэзіс пацьвярджаюць падзеі ў краінах, у якіх нашы прадстаўнікі атрымалі перамогу ў выбарах і ўвайшлі ва ўрад», — сказаў ён.

Незарэгістраваная Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада), старшынём якой зьяўляецца экс-палітвязеньМікола Статкевіч, восеньню 2015 года атрымала статут паўнапраўнага сябра Сацінтэрна. Да гэтага яна мела статус кансультатыўнага сябра.

Аяла знаходзіцца ў Беларусі па запрашэньні Статкевіча, сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх афіцыйных уладаў у яго не заплянаваныя.

Луіс Аяла наведваў Менск у студзені 2011 года, на адмысловай прэс-канфэрэнцыі ён заклікаў улады краіны вызваліць палітвязняў.

«Ён распавёў, што ў пачатку 2011 года быў першым замежным палітыкам, які прыехаў пасьля разгону Плошчы, спрабаваў дапамагчы нам, у яго было тры дні сустрэч», — адзначыў Мікола Статкевіч.

svaboda.org