Актуальна

Статкевіч каментуе прычыны адмовы

Улады забаранілі мітынг і шэсьце прадпрымальнікаў пасьля падачы заяўкі Анатолем Лябедзькам на правядзеньне маршу «За годнае жыцьцё» ў той жа час і ў тым жа месцы, дзе зьбіраліся праводзіць Марш прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка і Мікалай Статкевіч. Лябедзька патлумачыў, што хацеў «падстрахаваць» заяўку Шумчанкі і Статкевіча на мітынг у Менску 14 сакавіка. Учора Лябедзька паведаміў, што адклікаў сваю заяўку. У інтэрвію Свабодзе палітык сказаў, што яго «місія — рабіць людзей шчасьлівымі, мы зробім шчасьлівымі Шумчанку і Статкевіча». 

Як патлумачыў карэспандэнту Свабоды Мікалай Статкевіч, Лябедзька падаў сваю заяўку 29 лютага, а 1 сакавіка ўлады забаранілі Марш прадпрымальнікаў.

«Гэта пацьвярджае словы Анатоля Лябедзькі, што ягоная місія рабіць людзей шчасьлівымі. Ён зрабіў сваёй заяўкай масу людзей шчасьлівымі ў сыстэме МУС, КДБ, мабыць, іх гаспадара таксама ў пэўнай ступені зрабіў шчасьлівым. Ня ведаю толькі як прадпрымальнікі, гледзячы па фэйсбуку, у іх іншая рэакцыя. Безумоўна, неяк рэагаваць з Анатолем Шумчанкам мы будзем, будзем абмяркоўваць сытуацыю. У нас быў варыянт на выпадак незаконнай адмовы. Але атрымліваецца, што адмова законная. Там напісана, што закон забараняе праводзіць дзьве акцыі ў адным месцы. Яны пра гэта і пішуць у адмове. То бок, сёньня яны шчасьлівыя».

Што тычыцца іншых прычынаў, указаных у адмове, то Статкевіч назваў іх другаснымі. 

«Грошы плацяцца пасьля атрыманьня дазволу на акцыі. Таму гэта сьмешна. Гэтак жа як і тое, што інфармацыя пра акцыю прайшла. Дык усе кажуць пра дзень акцыі, але нідзе мы не казалі пра час. Таму гэта ўсё другаснае. Калі б толькі па гэтых прычынах, то было б адназначна, што забарона незаконная. А законная, гэта і лягічна, што дзьве акцыі не могуць быць у адным месцы. Гэта недэмакратычна, але лягічна. Таму, малайчына, Анатоль».

Анатоль Шумчанка таксама ўсклаў адказнасьць за адмову ў мітынгу на Анатоля Лябедзьку.
Атрымаць камэнтар Анатоля Лябедзькі пакуль не ўдалося: ягоны тэлефон часова недаступны.
Пакуль Мікола Статкевіч не паведаміў, ці выйдуць усё ж прадпрымальнікі на акцыю 14 сакавіка. 
 
«Мы зьбярэмся, прымем рашэньне і агучым яго. У нас быў варыянт на выпадак незаконнай адмовы. А тут улада злавіла падачу Лябедзькі, і ім спатрэбіліся толькі суткі. Ён 29-га падаў, а 1-га яны ўжо адмовілі. Хаця ён праз тры дні і адклікаў сваю заяўку пад ціскам грамадзкасьці. Ня ведаю, навошта чалавек гэта зрабіў, калі можна было дамовіцца, паразумецца, заклікаць людзей на гэтую акцыю, атрымаць там слова. Але навошта было яе зрываць, мне незразумела. У нас жа толькі вуліца і засталася. І кожны лідар, партыя, асабліва хто з 90-х у палітыцы, усе выдатна ведаюць, што гэта нагода для адмовы. Навошта было гэта рабіць?»  —  недаўмявае Статкевіч.