Беларускі Нацыянальны Кангрэс

Да Кангрэса: Рэзалюцыя "Беларусь: стан дзяржавы і нацыі" (праект)

Сучасная беларуская дзяржава прыватызаваная аўтарытарным рэжымам з мэтай панавання над краінай. Рэальныя дэмакратычныя інстытуты ў Беларусі зліквідаваныя, выбары ператвораныя ў фарс, улада падаўляе любыя выявы іншадумства, грамадскага супраціву, скіраванага на ўсталяванне дэмакратыі, законнасці, правоў чалавека.

 Мэце захавання ўлады цалкам  падпарадкавана эканоміка, якая менавіта па гэтай прычыне не здольная развівацца. 70% эканомікі наўпрост кіруецца рэжымам , астатняя частка знаходзіцца ў залежнасці ад яго. Жорсткі цэнтралізаваны кантроль над фінансамі і працоўнымі месцамі забяспечвае палітычнае панаванне над грамадствам.

Не маючы дастатковых сродкаў на захаванне архаічнай эканамічнай мадэлі, рэжым распрадае нават тыя актывы, якія з’яўляюцца  асновай суверэнітэту Беларусі. Прададзена ўся газатранспартная сістэма, частка вайсковага суверэнітэту, большая частка тэлевізійнай прасторы. Праз крамлёўскія датацыі і прэферэнцыі, якімі падтрымліваецца рэжым, Беларусь патрапіла ў небяспечную залежнасць ад Расіі.

Крызіс расійскай сыравіннай эканомікі пацягнуў на дно цесна прывязаную да яе нерэфармаваную эканоміку Беларусі. Падае вытворчасць, змяншаюцца даходы насельніцтва, расце беспрацоўе, павялічваецца знешняя запазычанасць. Усё больш беларусаў пакідаюць сваю краіну, якой пагражае страта вядучых галін прамысловасці і сацыяльны крызіс.

   Агрэсіўная палітыка расійскага кіраўніцтва выявіла небяспеку не толькі палітычнай і эканамічнай, але і нацыянальнай палітыкі беларускага рэжыму. Каб дагадзіць свайму манапольнаму донару і прадухіліць нацыянальнае гуртаванне грамадства, рэжым паслядоўна знішчаў гістарычную памяць беларусаў, нацыянальную культуру, нашу мову. Паслядоўная і мэтанакіраваная палітыка русіфікацыі стала сур’ёзнай пагрозай суверэнітэту краіны.

Нягледзячы на відавочную згубнасць  эканамічнай і сацыяльнай палітыкі, кіруючы рэжым адмаўляецца ад жыццёва неабходных палітычных і эканамічных рэформаў. Прычына адна: дэмакратычныя рэформы прывядуць да страты аўтарытарнай улады. Таму рэжым спрабуе працягнуць час свайго існавання, забіраючы ўсё, што можна забраць, у народа.  Нават у пенсіянераў і беспрацоўных.

Пры пануючым рэжыме само існаванне нашай дзяржавы, беларускай нацыі пастаўлена пад пагрозу. Каб пазбегнуць гэтага, нацыя павінна згуртавацца і змусіць рэжым сыйсці.

Уладу – народу! 

 

 г. Мінск                                           15.05.2016 г.