Статкевіч: Беларускі нацыянальны кангрэс пачынае сваю дзейнасць
Першае пасяджэнне рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу адбудзецца 28 траўня ў Менску.
Пра гэта БелаПАН паведаміў экс-палітвязень Мікалай Статкевіч.
Такую пастанову, са слоў палітыка, сёння прыняў аргкамітэт кангрэсу. «Фактычна гэта было астатняе пасяджэнне аргкамітэту, яго паўнамоцтвы пераходзяць да рады», – сказаў ён.
Рада кангрэсу фармуецца з ліку прадстаўнікоў дэмакратычных партый і арганізацый (па адным чалавеку) і прадстаўнікоў рэгіянальных кааліцый дэмакратычных структур (па тры чалавекі ад кожнай вобласці і Менска).
Праект рэгламенту дзейнасці рады, які будзе разгледжаны на яе першым пасяджэнні, прадугледжвае роўнасць усіх яго суб\’ектаў. Пастановы рады кангрэсу будуць прымацца дзвюма трацінамі галасоў, пасяджэнні будуць праходзіць раз на месяц.
«На першым пасяджэнні рады кангрэсу мы абмяркуем яго найбліжэйшыя задачы. Такім чынам, Беларускі нацыянальны кангрэс пачынае сваю дзейнасць. У ім будзе прадстаўленая вельмі вялікая колькасць партый і арганізацый, у тым ліку тых, кіраўніцтва якіх не падтрымала правядзенне кангрэсу», – сказаў Статкевіч.