Навіны

Брытанія прагаласавала за выхад з Эўрапейскага Зьвязу

У Брытаніі яшчэ ідзе падлік галасоў, пададзеных на праведзеным 23 чэрвеня рэфэрэндуме аб тым, ці заставацца краіне ў складзе Еўрапейскага зьвязу. Прыхільнікі выхаду Брытаніі з ЕЗ лідзіруюць зь 52% галасоў, і іх ужо не дагнаць. Большасьць брытанцаў прагаласавалі за выхад з ЕЗ.

Як паведамляе ВВС, за выхад з ЕЗ прагаласавалі большасьць раёнаў паўночнай і паўднёвай Англіі, найбуйнейшыя гарады Ўэльса, а таксама такія прамысловыя цэнтры, як Кавэнтры, Сандэрлэнд, а таксама Шэфілд.

У Лондане выбарцы прагаласавалі ў асноўным за захаваньне сяброўства ў Эўразьвязе, прычым ім атрымалася ўмацаваць свае пазыцыі ў параўнаньні з прагнозамі прыкладна на 4%. Аднак у Лівэрпулі, Глазга і Ньюкасьле, дзе прыхільнікі ЕЗ атрымалі перамогу, еўраскептыкі здолелі дадаць, у сярэднім, 3-4%. Аналягічная сытуацыя складвалася ў невялікіх гарадах, дзе прыхільнікам Brexit прадказвалі 55% падтрымкі, а ў выніку ў Данкастэры, Бостане, Іпсьвічы яны атрымалі каля 60%.

У Шатландыі праціўнікі Brexit выйгралі практычна ва ўсіх рэгіёнах, у тым ліку, ў Эдынбургу, Глазга і Дандзі. У Паўночнай Ірландыі галасы падзяліліся, у тым ліку і ў розных раёнах Бэлфаста.

Прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Дэйвід Кэмэран заявіў сёньня, што пакіне свой пост пасьля таго, як брытанцы ў рэфэрэндуме выказаліся за выхад з Еўразьвязу.

Кэмэран сказаў, што сыдзе да кастрычніка, а ў бліжэйшыя тыдні пастараецца «прывесьці ў раўнавагу карабель» пасьля плебісцыту.

Перад рэфэрэндумам Кэмэран заклікаў брытанцаў галасаваць за тое, каб Вялікабрытанія засталася ў ЕЗ, папярэджваючы пра адмоўныя эканамічныя наступствы выхаду.

Старшыня Еўрапейскай рады Дональд Туск заявіў, што Еўразьвяз «мае намер захаваць наша адзінства 27» і прадухіліць выхад іншых краінаў. Разам зь Вялікабрытаняй цяпер у Еўразьвязе 28 краін. Туск сказаў, што лідэры ЕЗ правядуць саміт на наступным тыдні без Брытаніі і пачнуць больш шырокае абмеркаваньне будучыні.

Алекс Салманд, былы першы міністар Шатландыі, заклікаў прэм\’ер-міністра Брытаніі Дэйвіда Кэмэрана сысьці ў адстаўку. Ён заявіў, што Шатландыя, хутчэй за ўсё, правядзе новае галасаваньне па пытаньні аб незалежнасьці Шатландыі.

Радыё Свабода