Някляеў і Статкевіч заклікалі на акцыю грамадзкай прысягі на вернасьць Беларусі
Уладзімер Някляеў і Мікалай Статкевіч заявілі пра намер правесьці 12 верасьня падчас мітынгу за сапраўдныя выбары акцыю грамадзкай прысягі на вернасьць Беларусі і гатоўнасьць бараніць яе незалежнасьць са зброяй у руках.
Яны нагадалі, што 8 верасьня 1992 году патрыятычныя арганізацыі правялі акцыю грамадзкай прысягі на вернасьць Беларусі. У акцыі ўзялі ўдзел тысячы грамадзянаў, якія пакляліся на Плошчы бараніць у выпадку неабходнасьці сваю краіну са зброяй у руках.
«Тая акцыя надоўга спыніла шавіністычную гістэрыю вакол нашай незалежнасьці. Цяпер, калі пагроза ўзьнікла зноў, калі побач з нашымі межамі ўжо разгортваюцца вайсковыя сілы, а ўлады ў адказ толькі дэманструюць гатоўнасьць уздымаць над сабой чужы сьцяг, час патрыётам заявіць, што Беларусь не застанецца неабароненай, што яе ёсьць каму бараніць. Наша цьвёрдасьць можа спыніць патэнцыйнага агрэсара», — гаворыцца ў заявепалітыкаў, апублікаванай у Фэйсбуку.
«Мы будзем змагацца за новыя, сапраўдныя выбары. Але перад пагрозай нашай дзяржаве і нацыі трэба ўжо зараз цьвёрда прадэманстраваць нашу рашучасьць бараніць сваю краіну», — пішуць Някляеў і Статкевіч.