БЕЛСАТ ПАТРЭБЕН НЕ ТОЛЬКІ БЕЛАРУСІ
Народная Грамада выказала сваю ацэнку планам ліквідаваць “Белсат”:
БЕЛСАТ ПАТРЭБЕН НЕ ТОЛЬКІ БЕЛАРУСІ
Зварот Прэзідыўма Цэнтральнага аргкамітэта Народнай Грамады да польскіх уладаў
Мы лічым, што план польскага ўрада кардынальна зменьшыць фінансаванне “Белсата” і перавесці яго на рускую мову супярэчыць нацыянальным інтарэсам як Беларусі, так і Польшчы.
Мы шчыра ўдзячныя палякам, якія стваралі і 9 гадоў падтрымлівалі беларускамоўны тэлеканал. Дзейнасць “Белсата” была неацэннай у справе ўмацавання беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці і супрацьстаяння ідэялогіі “рускага свету”.
Згортванне фінансавання адзінага беларускамоўнага патрыятычнага тэлеканала будзе сведчыць, што цяпер дэмакратычная Польшча сваім асноўным партнерам у Беларусі абірае яе “прэзідэнта”. Гэты выбар адбываецца коштам адмовы ад інфармацыйнай падтрымкі беларускага незалежнага грамадства.
Складваецца ўражанне, што аўтары новай беларускай палітыкі Польшчы цяпер лічаць дыктатара адзіным гарантам незалежнасці нашай краіны.
Мы не можам пагадзіцца з такой пазіцыяй. Дыктатар 20 год знішчаў усё патрыятычнае і нацыянальнае ва ўладзе і сілавых структурах, свядома русіфікаваў грамадства, мэтанакіравана змагаўся супраць нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Зараз гэтае змаганне часова прыглушанае, але не спыненае.
Так, дыктатар зацікаўлены ў аднаасобным кантролі над краінай. Але лічыць гарантам незалежнасці таго, хто наўмысна не стварыў здольных бараніць яе структур, а завязаў захаванне дзяржаўнасці на адну сваю ўласную персону – вялікая памылка.
Адзін чалавек не можа быць гарантам існавання цэлай краіны. У сітуацыі, якую стварыў дыктатар, такім гарантам можа быць толькі беларускае незалежнае грамадства.
Таксама нас шакуе намер перавесці “Белсат” на рускую мову. Шмат хто ў Беларусі ўспрыме гэта як падтрымку Польшчай палітыкі русіфікацыі Беларусі, як далучэнне нашых польскіх сяброў да тых, хто адмаўляе нашай мове, а значыць і нацыі, у праве на існаванне.
Кіраўнікам дэмакратычных арганізацый Беларусі ў апошні час неаднаразова даваліся гарантыі захавання “Белсата” ад прадстаўнікоў парламенту Польшчы. У тым ліку і ад віцэ-спікера Сейму, ад маршалка Сенату. Мы ведаем і пра нядаўняе адпаведнае рашэнне камісіі па міжнародных справах Сейму. Але прадстаўнікі польскай выканаўчай улады агучваюць супрацьлеглае рашэнне. Такая сітуацыя дагэтуль была тыповай толькі для Беларусі.
Мы звяртаемся да польскіх уладаў з заклікам яшчэ раз узважыць мэтазгоднасць свайго рашэння пра ліквідацыю адзінага беларускамоўнага патрыятычнага тэлеканала і не адмаўляцца ад падтрымкі барацьбы нашага народа за свабоду і незалежнасць. Мы ўпэўненыя, што наш поспех у гэтай барацьбе адпавядае і польскім нацыянальным інтарэсам.
23 снежня 2016 г.