"Белсат, жыві!"
Рада Беларускага нацыянальнага кангрэса выступіла з заявай з нагоды мяркуемага рэзкага змяньшэння фінансавання тэлеканала “Белсат”.
ЗАЯВА РАДЫ БНК
“Белсат жыві”
Рада Беларускага Нацыянальнага Кангрэса сур\’ёзна занепакоеная агучанымі планамі польскага ўрада зменьшыць фінансаванне “Белсата” ў 3,5 разы і перавесці яго на рускую мову. Гэта будзе супярэчыць нацыянальным інтарэсам не толькі Беларусі, але і Польшчы.
Мы шчыра ўдзячныя польскай дзяржаве, якая на працягу 9 гадоў падтрымоўвала беларускамоўны тэлеканал. Дзейнасць “Белсата” у справе ўмацавання дэмакрытычных каштоўнасьцяў, беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці і супрацьстаяння ідэялогіі “рускага свету” цяжка пераацэніць.
Палякі, відавочна, памятаюць тыя недалёкія часы, калі іх край знаходзіўся пад камуністычным прыгнётам і пагрозай масштабнай акупацыі. Сёння Беларусь знаходзіцца ў аналагічнай, а можа і нават горшай сытуацыі. У склаўшыхся абставінах, пазбаўляць беларускую грамадзкасць адной з буйнейшых крыніц альтэрнатыўнай інфармацыі, адступаючы перад крамлёўскай прапагандай – небяспечна не толькі для Рэспублікі Беларусь, але і ўсяго нашага рэгіёну.
Лозунг нашых славутых продкаў “За вашу і нашу свабоду” мусіць падсказаць правільнае рашэнне.
г. Мінск 23 снежня 2016 г.