Навіны

“Апошні вязень Плошчы – 2010”

Уладзімір Кондрусь асуджаны на паўтара года «хатняй хіміі» з прымусовым амбулаторным лячэннем. З яго будзе ўзятая падпіска пра нявыезд. Суд вырашыў вызваліць Кондруся неадкладна.

Судовае пасяджэнне 26 сьнежня прайшло надзвычай хутка і без прысутнасьці падсуднага.

Суд лічыць віну Кондруся ва ўдзеле ў масавых закалотах 19 сьнежня 2010 г. даказанай. Але суд не знайшоў доказаў таго, што Кондрусь наносіў цялесныя пашкоджаньні супрацоўнікам міліцыі, і выключыў гэта з абвінавачання. Суд прызнаў наяўнасць у Кондруся зьмешанага разладу асобы. Таму суд прызначыў Кондрусю пакаранне ў выглядзе 1,5 года абмежаваньня волі без накіравання ў месцы зьняволення з прымусовым амбулаторным лячэннем па месцы жыхарства. Вярнуць Кондрусю сканфіскаваную маёмасць.

У судовых спрэчках адвакат Кондруся Вадзім Мушынскі заявіў, што падзеі 19 сьнежня 2010 году ў Менску нельга назваць масавымі беспарадкамі.

«Былі пашкоджаныя 8 мэтраў вадасцёкавых трубаў і 5 кустоў ядлоўцу», — вось і ўся пашкоджаная маёмасьць. Таксама «нямоцнымі» назваў адвакат пашкоджанні, якія атрымалі міліцыянты.

Адвакат Мушынскі прасіў апраўдаць Кондруся.

Жыхара Рудзенску Ўладзімера Кондруся абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках падчас акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году.

Праваабаронцы Беларусі прызналі Ўладзімера Кондруся палітвязнем і патрабуюць ягонага вызваленьня.

Свабода вяла он-лайн суду над Уладзімерам Кондрусем.

У першы дзень працэсу 16 лістапада падсудны Кондрусь спрабаваў перарэзаць сабе вены ў судовай залі.

Радыё Свабода