Навіны

Ці дойдзе “справа патрыётаў” да суда?

У адносінах да некаторых фігурантаў “справы патрыётаў” спыняюць крымінальны пераслед, а старшыня КДБ заявіў, што заўчасна казаць, ці дойдзе яна да суда. Які ўсё-такі лёс чакае гэтую гучную справу?

 “Улады справу хочуць залагодзіць”, – выказаў меркаванне сайту palitviazni.info экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч.

 

Актывіст Сяргей Кулініч атрымаў з КДБ ліст, у якім паведамляецца, што супраць яго спынены крымінальны пераслед па справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Раней паведамленні аб спыненні аналагічнай справы атрымалі маладзёжныя актывісты Зміцер Дашкевіч, Сяргей Пальчэўскі і Раман Васільеў.

«Заўчасна казаць, ці дойдзе справа да суда, — сказаў старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Валерый Вакульчык, адказваючы на пытанне журналістаў у кулуарах Палаты прадстаўнікоў Беларусі. – Вы цудоўна ведаеце, што абвінавачанні сур’ёзныя выстаўленыя. Па кім не было доказаў, той невінаваты, па тых пераслед спынены».

“Улады справу хочуць залагодзіць, – кажа Мікалай Статкевіч. – Трэба ўспомніць, якім чынам яна наогул узнікла. Кінулі за краты выпадковых людзей, нахапалі іх, бо трэба ж было пацвярджаць словы свайго начальніка, які заявіў, што ў краіне быццам бы ёсць тэрарысты. А ў хуткім часе чакаецца прыезд міністраў замежных спраў шэрагу еўрапейскіх краін, з 5 ліпеня будзе пасяджэнне ПАСЕ. Акрамя таго, і з Міжнародным валютным фондам трэба вырашаць пытанні. Таму не выключаю, што на беларускія ўлады зараз ёсць пэўны кулуарны дыпламатычны ціск. У іх пытаюцца: што ж вы робіце? Мы з вамі дыялог вядзем, а вы ставіце нас з палітычнымі арыштантамі ў няёмкую сітуацыю. Вось справу і пачынаюць паціху спускаць на тармазах”.

Між тым, па словах, палітыка, калі хтосьці з фігурантаў сябе самаагаварыў, то справа можа дайсці ў нейкім выглядзе і да суда.

“Калі на судзе нехта скажа, што яго папярэднія паказанні “выбілі” пад катаваннямі, то для нашых судоў такія заявы – пусты гук, – працягвае былы палітвязень. – Калі падпісаў паказанні, то для суда гэтага ўжо дастаткова, каб вынесці прысуд. Таму вельмі імаверна, што да Парламенцкай асамблеі многія з тых, хто сёння яшчэ знаходзіцца за кратамі, будуць вызвалены, але некаторых могуць пакінуць і судзіць”.

palitviazni.info