Мікалай Статкевіч: Паспрабую да 3 ліпеня застацца на свабодзе

Палітык Мікалай Статкевіч распавёў, чаму не варта спекуляваць на “тэме Кунцэвіча”.

Як вядома, не так даўно з СІЗА адпусцілі Сяргея Кунцэвіча – паплечніка Мікалая Статкевіча. Ён быў затрыманы напярэдадні Дня волі і змешчаны спачатку ў СІЗА КДБ, а пасля пераведзены на «Валадарку». Яму прад’явілі абвінавачанне па артыкуле 293 ч.3 Крымінальнага кодэкса (падрыхтоўка масавых беспарадкаў).

Кунцэвіча выпусцілі пад падпіску пра нявыезд і неразгалошванне інфармацыі. Спачатку Сяргей публічна распавёў пра факты катаванняў у ізалятарах, а затым пачаў крытыкаваць Мікалая Статкевіча, Зміцера Дашкевіча і іншых дзеячаў апазіцыі. 

Мікалай Статкевіч: Не трэба спекуляваць на гэтай тэме, бо Сяргей прайшоў праз вялікія выпрабаванні. Катаванні, сухая галадоўка, праблемы з ныркамі, псіхалагічная траўма – усё гэта адбілася. Сёння трэба казаць не пра яго каментарыі альбо заявы, а пра тое, як дапамагчы чалавеку. Тут нават дыскутаваць з ім не варта. А мы яго любім і чакаем, што ён выйдзе з гэтай сітуацыі, а яго стан – фізічны і эмацыйны – палепшыцца. Верым, што ў Сяргея назаўсёды застанецца ў жыцці тое, што ён зрабіў. А зрабіў ён сапраўдны ўчынак, калі здолеў паведаміць на волю пра катаванні. І для мяне гэта галоўнае.

РР: Сяргей Кунцэвіч 22 чэрвеня збіраецца правесці пікет. Вы яго падтрымаеце?

Мікалай Статкевіч: Мы падтрымалі мерапрыемства, якое ладзіць “Еўрапейская Беларусь”, і да якога далучаецца Сяргей, але, безумоўна, для нас асноўная акцыя – 3 ліпеня. На акцыю 22 чэрвеня я выходзіць не буду, таму што гэта стане нагодай ізноў затрымаць мяне прэвентыўна. Таму паспрабую да 3 ліпеня застацца на свабодзе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя