Мікалай Статкевіч – на волі
31 жніўня Мікалай Статкевіч выйшаў з Акрэсціна. З ім пагутарыў наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.
РР: Віншуем Вас! Але неяк недарэчна гэта гучыць у нашых абставінах: віншаваць палітыка, якога незаконна затрымалі і цяпер ён выходзіць з Акрэсціна. Прыгадайце нам гісторыю вашага затрымання. Увогуле, за што?
Мікалай Статкевіч: Затрымалі якраз за тое, чаго я не чакаў. Я ведаю, што было рашэнне суда за акцыю 3 ліпеня ў Менску, мяне пакаралі тады 15 суткамі. І шчыра кажучы, я чакаў затрымання за гэта. Але мяне затрымалі на вуліцы, недалёка ад дома, і завезлі ў Ленінскі РАУС. А там ужо высветлілася, што гэта не тыя 15 сутак за акцыю 3 ліпеня, а яшчэ 5 сутак за тое, што сустракаючы 30 сакавіка людзей, якія сядзелі на Акрэсціна пасля Дня Волі, я там нібыта патрымаўся за нейкі сцяг. Вось за гэта і пасадзілі на 5 сутак. Я запытаўся, а дзе ж яшчэ 15 сутак? Адказалі: «А 15 да Вас яшчэ не дайшлі, дойдуць пазней». Вось я і сядзеў гэтыя 5 сутак і чакаў, ці прыйшлі яшчэ тыя 15. Нават не ведаў, колькі давядзецца сядзець: 5 ці 20 сутак.
РР: Атрымліваецца, тыя 15 трэба цяпер недзе шукаць?
Мікалай Статкевіч: Не, яны ёсць. Жонка ад майго імя напісала скаргу, каб адцягнуць маю пасадку да 8 верасня. Суд гарадскі прызначаны на 7 верасня па скарзе. Але яны могуць мяне, не чакаючы скаргі, у любы момант затрымаць. Навошта гэтыя гульні? Каб я увесь час хадзіў і чакаў арышту, каб сям’я нервавалася. У мяне і жонкі склалася ўражанне, што нас мэтанакіравана спрабуюць выціснуць з краіны: і дом канфіскуюць, і розныя там штрафы. У нас за тыдзень у першай палове жніўня гэтага года на сям’ю ёсць 5 адміністрацыйных спагнанняў: два арышты ў мяне і штраф на 600 даляраў, а ў жонкі – два штрафы па 300 і 500 даляраў. Такім чынам, яны ўжо ціснуць не на мяне, а на ўсю сям’ю. Чакаюць, калі нам гэта надакучыць і мы з’едзем. Але мы Беларусь пакідаць не збіраемся.
РР: То бок робяць так, каб Вы хадзілі па горадзе і ўвесь час аглядаліся, затрымаюць ці не.
Мікалай Статкевіч: Так-так-так. Яны так рабілі ў другой палове 90-х, калі Лукашэнка хацеў здаць Беларусь у абмен на пасаду кіраўніка ўзбуйненай Расеі. І тады, пачынаючы з 1996 года, патрыёты выходзілі на вуліцу. Я тады ўзначальваў большую частку акцый. У мяне тады было больш за 20 адміністрацыйных арыштаў. Гэта іх тактыка: штрафы, арышты, каб арганізатараў акцый і актыўных яе ўдзельнікаў знясіліць, стаміць, каб тыя перасталі выходзіць, а адначасова запалохаць усіх астатніх. Вось гэта для таго і робіцца. Але даруйце, чалавека з такім вялікім турэмным досведам запалохаць нейкімі арыштамі – гэта складана. Аднак блізкія, безумоўна, заўсёды хвалююцца.
РР: Наколькі я зразумеў, у Вас была магчымасць паразмаўляць з міліцыянтамі на Акрэсціна. Вас там ужо як свайго чалавека прымаюць?
Мікалай Статкевіч: Гэта мой трэці арышт. Праўда, у першым сёлета не адразу прызналіся. Я тады ў КДБ адразу быў, а потым Следчы камітэт толькі праз паўтара месяца пацвердзіў, што мяне затрымлівалі. Далей было 5 сутак ужо на Акрэсціна. І вось я параўнаў: за гэтыя некалькі месяцаў ад траўня ўмовы на Акрэсціна значна пагоршыліся, харчаванне пагоршылася, нават гаспадарчага мыла па кавалачку зэкам няма даць, бялізны пасля лазні не мяняюць. Старэйшы лейтэнант, які мяне афармляў, ужо пасля вобшуку, пасля таго, як забралі забароненыя рэчы, падышоў, схапіў са стала ды засунуў у кішэню маю ручку. Потым маёй жонцы ён назваўся Юрыем Нікуліным, але не ведаю, ці гэта сапраўднае прозвішча. Потым ужо, калі ён быў на нейкай праверцы, я ўшчуваў яго, казаў: «Слухайце, Вам што, пісаць няма чым? Дык Вы скажыце, я падарыў бы, але красці нядобра, ці мама Вам не казала?» Я ўпэўнены, тое, што Лукашэнка казаў пра скарачэнне Міністэрства ўнутраных спраў і выдаткаў на яго, датычыцца толькі ўтрымання арыштантаў.
РР: Сёмага верасня будуць разглядаць Вашу скаргу, а восьмага Вы надалей заклікаеце людзей на акцыю, так?
Мікалай Статкевіч: Ведаеце, калі такія важныя акцыі, якія па сутнасці вызначаюць лёс краіны, будуць залежаць ад свабоды ці несвабоды толькі аднаго чалавека, значыць мы як нацыя яшчэ не даспелі. Выходзіць трэба дзеля краіны, і весці тут павінна не нейкая персона, а пачуццё адказнасці. Калі камусьці там не хапае мяне на чале акцыі, бо некаторыя ледзь не папракаюць мяне тым, што я не дайшоў, што мяне арыштавалі. Я што, адстрэльвацца там павінен? Гэтых вясковых хлопчыкаў у мундзірах, якія ў пошуках лепшага жыцця ў міліцыю падаліся, павінен забіваць ці што? Дык вось, калі камусьці не хапае мяне, каб прыйсці на акцыю, дык зрабіце даступна: прыйдзіце 8 верасня на акцыю папярэджання і ў выпадку, калі мяне затрымаюць, прыйдзіце, каб патрабаваць майго вызвалення. Калі арышты лідараў акцыі будуць выклікаць павелічэнне іх масавасці, то прэвентыўныя арышты спыняцца. Гэта — адзіны шлях. Я заклікаю ўсіх патрыётаў: 8 верасня ў 19:00 Кастрычніцкая плошча Менска. Вызвалім Беларусь ад унутранай акупацыі і не дапусцім знешняй. Выходзьце, калі Вы патрыёты!