Уладзімір Някляеў: Сказаць Радзіме словы вернасці – гэта заўсёды дарэчы

8 верасня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску будзе добры дзень, каб зрабіць гэта.

Адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Уладзімір Някляеў у інтэрв\’ю сайту БНК bnknews.org, чаму на Акцыі папярэджання трэба прыняць Прысягу свабоды.

– Вучэнні «Захад-2017» апошнімі днямі сталі адной з тэм, якая найбольш абмяркоўваецца сярод беларусаў. У чым небяспека гэтых манеўраў для нашай краіны?

– Небяспека не столькі ў саміх вучэннях (хоць і ў іх таксама, бо пасля ўкраінскіх падзей ніхто не возьмецца прадказаць пастановы і дзеянні расейскага кіраўніцтва), колькі ў іх наступствах. Папросту ў тым, як яны будуць уплываць на далейшы лёс Беларусі. Яна, між іншым, ужо сёння магла б быць іншай. Лепшай, калі б беларускія ўлады арыентаваліся ў палітычных пастановах на нацыянальную, доўгатэрміновую, а не на кароткую і асабістую выгаду.

Вось глядзіце: чвэрць стагоддзя таму Рэспубліку Беларусь пачалі прызнаваць у свеце як суверэнную дзяржаву. Тады ж былі сфармуляваны асноўныя прынцыпы нашай замежнай палітыкі, адзін з якіх – вайскова-палітычны нейтралітэт. Мы не збіраліся ўступаць у якія-небудзь вайсковыя блокі, чакаючы ад іншых дзяржаў павагі нашага нейтральнага бяз\’ядзернага статусу. У адпаведнасці з Будапешцкім мемарандумам 1994 года, перадаючы савецкую ядзерную зброю Расеі, мы атрымалі ад ядзерных дзяржаў, сярод якіх былі Расея, ЗША, Вялікабрытанія, гарантыі захавання цэласнасці і бяспекі нашай дзяржавы.

Вайскова-палітычны нейтралітэт разам са шматвектарнасцю, адкрытасцю ў прыняцці асноўных палітычных пастаноў і выкананнем правоў чалавека рабіў Беларусь надзейным і цалкам прадказальным партнёрам для ўсіх, хто супрацоўнічае з намі, нашымі блізкімі і далёкімі суседзямі. Гэта давала нам перспектыву развіцця.

Але ўсе названыя прынцыпы замежнай палітыкі былі парушаныя – і першым быў парушаны (запісаны, між іншым, у Канстытуцыі) прынцып нейтралітэту. Беларусь страціла свой нейтральны вайскова-палітычны статус, бо ўвайшла ў вайскова-палітычны блок – Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ).

Вынікам гэтага і сталі факты рэгулярнага правядзення вучэнняў на тэрыторыі Беларусі супольна з войскам краіны, якая актыўна задзейнічана ў сусветным, у тым ліку і вайсковым, супрацьстаянні. Гэта перакрывае нам доступ да заходніх высокіх тэхналогій, інвестыцый у тэхнічнай, гуманітарнай сферы і гэтак далей. Карацей – да развіцця.

Працяг палітыкі ўцягвання ў вайскова-палітычныя блокі згубны для краіны, для нацыі, вось чаму мы, як грамадзяне, проста павінны пратэставаць супраць дзеянняў антынацыянальнай палітыкі ўлады. Перш за ўсё супраць гэтага, бо вучэнні «Захад-2017», на якія з насцярожанасцю глядзяць і ЕЗ, і ЗША, – вынік такой палітыкі.

– 8 верасня п 19 гадзіне на Кастрычніцкай плошчы пачнецца акцыя пратэсту і супраць вучэнняў, і супраць вайсковага саюзу з Расеяй. Чаму беларускім патрыётам варта прыняць на ёй Прысягу свабоды?

– Таму што Беларусь не свабодная. Палітыка ўлад не патрыятычная, бо паняцце Айчыны падмененае ў ёй паняццем дзяржавы. Айчына – гэта вечнае, а дзяржава – учора адная, сёння другая, заўтра – трэцяя. Сапраўдны патрыёт жыве не ў дзяржаве, дзе чым бліжэй ён да дзяржаўнай улады, тым больш можа «патрыятычна» ўрваць, а ў Айчыне. А Радзіме, як і жанчыне, выказаць высокія словы любові, словы вернасці ніколі не лішне.

Хартыя97