Актуальна

Севярынца пасадзілі за заклікі бараніць незалежнасць Беларусі

Судзіць за заклікі бараніць незалежнасць Беларусі – гэта здзек з Канстытуцыі. Гэтак Павал Севярынец спрабаваў пераканаць суддзю Цэнтральнага суда сталіцы Івана Касцяна. Безвынікова.

15 содняў адміністратыўнага арышту

Такое пакаранне атрымаў апазіцыянер за ўдзел у акцыі «За мірную Беларусь».

«Мы ўдзельнічалі ў судовым працэсе дзеля таго, каб зафіксаваць гэтае беззаконне. Пасля, у новай Беларусі, усе гэтыя паперы будуць паднятыя. І ўсе, хто спрычыніўся да такога прысуду, я думаю, павінны будуць панесці адказнасць у адпаведнасці з законам», – пракаментаваў прысуд Павал Севярынец.

Пакуль тэрмін Паўла Севярынца – максімальны за пратэст 8-га верасня. Раней паводле абвінавачання ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі на Кастрычніцкай плошчы сем содняў прысудзілі паэту ды палітыку Уладзіміру Някляеву і пяць – Мікалаю Статкевічу.

Сёння прысуды пачулі і іншыя актывісты

Паводле адміністратыўнага артыкулу «ўдзел у несанкцыянаванай масавай імпрэзе паўторна цягам года» берасцейцы Наталля Папкова ды Андрэй Шарэнда атрымалі 7 і 15 содняў, адпаведна.

Паводле таго ж артыкулу штраф памерам Br 1150 атрымаў актывіст Аляксандр Абрамовіч. Рашэнне прымала, як і ў выпадку берасцейскіх актывістаў, суддзя Цэнтральнага суда Менску Вікторыя Шабуня. За безліч выракаў дзеячам апазіцыі яе называюць «ударным малатком рэжыму».

Акцыя за мірную Беларусь і супраць супольных вайсковых вучэнняў «Захад-2017» адбылася на заклік Мікалая Статкевіча 8-га верасня ў Менску.

Апазіцыянер праанансаваў наступны пратэст

21-га кастрычніка ў сталіцы мае адбыцца «Марш абураных беларусаў 2.0», абвешчаны працягам вясновых мітынгаў супраць гэтак званага антыдармаедскага ўказу Лукашэнкі.

Лола Бурыева, «Белсат»