Актуальна

Жонка Мікалая Статкевіча звярнулася да генпракурора

Да лідару БНК чацвёрты дзень не пускаюць адваката.

Са слоў Марыны Адамовіч, да Статкевіча не пускаюць адваката з розных надуманых прычын. Напрыклад, 26 верасня адвакату паведамілі, што ўсе пакоі для сустрэчы з арыштаванымі занятыя, няма магчымасці іх вызваліць. Пры гэтым адвакат палітыка быў першым, хто з\’явіўся раніцай на сустрэчу з арыштаваным, а цягам дня на тэрыторыю ЦІП шмат разоў бесперашкодна праходзілі прадстаўнікі следчых органаў, адвакаты, аператыўныя супрацоўнікі ды іншыя асобы. 27 верасня супрацоўнікі ЦІП шчыра сказалі адвакату, каб ён нават не спрабаваў патрапіць, бо ўсё адно не атрымаецца, паведамляе ПЦ Вясна.

Таксама ў сваёй скарзе Марына Адамовіч адзначае, што права на абарону ейнага мужа было парушанае і падчас судовага працэсу 26 верасня, калі Статкевіча завочна судзілі за ўдзел у акцыі 8 верасня і ў выніку далі яшчэ 5 дзён арышту. Пасяджэнне праходзіла без ягонага ўдзелу, бо палітык не быў дастаўлены з ЦІП у суд і, адпаведна, не мог весці сваю абарону.

Гэтыя факты сведчаць пра грубае парушэнне права Мікалая Статкевіча на абарону. Марына Адамовіч мяркуе, што адміністрацыя ЦІП робіць гэта наўмысна, і таму просіць Генеральнага пракурора правесці праверку паводле факту парушэння законнасці і права Статкевіча на абарону з боку службовых асоб ЦІП і ў выпадку выяўлення такіх фактаў прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

Нагадаем, Мікалай Статкевіч быў затрыманы 22 верасня пасля пасяджэння Рады БНК і адпраўлены ў ЦІП на вуліцу Акрэсціна адбываць 15 дзен адміністратыўнага арышту за ўдзел у акцыі 3 ліпеня. Да таго моманту Статкевіч на волі пабыў тры тыдні: 31 жніўня ён быў вызвалены пасля 5 дзён арышту за правапарушэнне, якое ён нібыта ўчыніў яшчэ на акцыі 30 сакавіка. Тады Мікалай Статкевіч на выхадзе з ЦІП сустракаў паплечнікаў, якія адбывалі арышты пасля Дня волі. І разгорнуты ім бел-чырвона-белы сцяг, хутчэй за ўсё, стаў прычынай таго, што праваахоўныя органы расцанілі гэта як несанкцыянаваны сход.

Хартыя\’97