Як у Менску ўшануюць ахвяраў «ночы расстраляных паэтаў». Што, дзе, калі
Радыё Свабода падрыхтавала агляд падзей, якімі ў Мінску плануюць ушвнаваць памяць забітых у ноч з 29 на 30 кастрычніка паэтаў, пісьменнікаў і грамадскіх дзеячаў.
Сустрэча з народжанымі ў ГУЛАГу
26 кастрычніка, 16.00. У сядзібе БНФ (вул. Чарнышэўскага, 3-39) — лекцыя гісторыка Ігара Кузьняцова пра рэпрэсіі 1937–1938 гадоў у Беларусі, сустрэча з народжанымі ў ГУЛАГу Зінаідай Тарасевіч і Ўладзімерам Раманоўскім. Прагляд фільму «Курапаты — шлях сумленьня». Арганізатар — аргкамітэт грамадзкага аб’яднаньня «Вяртаньне памяці».
Песьні на вершы рэпрэсаваных паэтаў
26 кастрычніка, 19.00. Дзяржаўны літаратурны музэй Янкі Купалы (вул. Янкі Купалы, 4). Літаратурна-музычная вечарына «Страчаныя абліччы». З творамі на вершы рэпрэсаваных паэтаў выступяць гурт «Балцкі субстрат», Кацярына Ваданосава і Fantazy Orchestra, Вера Бурлак, Аляксей Галіч, Аляксей Жбанаў. Вядоўцы музычнай вечарыны — Віктар Жыбуль і Павал Каралёў.
Зачытваньне прозьвішчаў ахвяраў
29 кастрычніка, 12.00. У Курапатах (51-ы кілямэтар МКАД) зачытаюць прозьвішчы ахвяраў, расстраляных НКВД у сутарэньнях менскай турмы (вядома больш за 5 тысячаў прозьвішчаў), у тым ліку прозьвішчы ахвяраў ночы 29–30 кастрычніка 1937 году. У памяць загінулых запаляць сотні сьвечак памяці, прагучыць малітва за Беларусь каля Крыжа пакуты. Арганізатар — аргкамітэт грамадзкага аб’яднаньня «Вяртаньне памяці».
«Яўген Анегін» у перакладзе Алеся Дудара
29 кастрычніка, 16.40. У Галерэі TUT.BY (пр. Дзяржынскага, 57) прагучыць пераклад паэмы Аляксандра Пушкіна «Яўген Анегін», які лічыўся страчаным 80 гадоў. Алесь Дудар першым у гісторыі пераклаў «Анегіна» на беларускую мову, але вядомыя былі толькі некалькі ўрыўкаў. У гадавіну «чорнай ночы» твор будзе прачытаны ў жывым эфіры, як у прэм’ерным 1936-м, калі трансьляцыя ішла на ўвесь Менск праз рэпрадуктары. Першы разьдзел прадэклямуе народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка. Арганізатар — кампанія «Будзьма беларусамі».
«Ланцуг памяці» каля будынка КДБ
29 кастрычніка, 19.00. Акцыя «Ланцуг памяці» каля будынка КДБ (пр. Незалежнасьці, 17) у Менску. «Ня трэба сьцягоў і лёзунгаў. Бо забітыя хадзілі пад рознымі сьцягамі, натхняліся рознымі лёзунгамі. Вазьміце толькі сьвечкі ці лямпадкі. Каб трагедыя 1937 году больш ніколі не магла паўтарыцца на нашай зямлі», — заклікаў арганізатар акцыі, апазыцыйны палітык Мікалай Статкевіч.
НЕрасстраляная паэзія
29 кастрычніка, 19.00. Клюб «Брюгге» (Партызанскі праспэкт, 6А). Канцэртная прэм’ера праекту «НЕрасстраляная паэзія. 1937–2017». Арганізатар — партал TuzinFM.
«Ноч паэтаў» у Курапатах
29 кастрычніка, 23.00. Памятная імпрэза «Ноч паэтаў» у Курапатах. Будуць чытаць вершы рэпрэсаваных паэтаў, ставіць зьнічкі. Чакаецца ўдзел актывістаў, палітыкаў, гісторыкаў, паэтаў і музыкаў. Імпрэза працягнецца да раніцы 30 кастрычніка. Арганізатар — «Малады фронт».
Аўтамаратон памяці
29 кастрычніка, 11.00. Кальварыйскія могілкі на вуліцы Кальварыйскай. Аб’езд на аўтамабілях памятных месцаў згубы ахвяраў камуністычных рэпрэсій. Маршрут: Кальварыйскія могілкі — раён Цівалі — Лошыца — ўрочышча Благоўшчына ( Трасьцянец) — Вайсковыя могілкі — парк Чалюскінцаў — Курапаты. Арганізатары — рух салідарнасьці «Разам» і грамадзкая ініцыятыыва «Дзея».
Вечарына «Расстраляная літаратура»
30 кастрычніка. Саюз беларускіх пісьменьнікаў запрашае ўшанаваць памяць усіх ахвяраў сталінскага палітычнага тэрору. У Галерэі TUT.BY (Менск, праспэкт Дзяржынскага, 57, ст.м. «Міхалова»). Пачатак у 18.30. Уваход вольны.
Удзел у вечарыне бяруць: Радзім Гарэцкі, Марат Гаравы, Анатоль Сідарэвіч, Алесь Пашкевіч, Міхась Скобла, Ірына Багдановіч, Аксана Данільчык, Марына Шыбко. Музычная частка: бард Таццяна Грыневіч.
Прэзэнтацыя выбраных твораў Алеся Дудара
28 кастрычніка, а 15.00 у музэі Петруся Броўкі адбудзецца прэзэнтацыя першага аднатомнага выданьня «Выбраных твораў» Алеся Дудара, які быў расстраляны ў турме НКВД 29 кастрычніка 1937 году.
Кніга падрыхтаваная да выданьня Ганнай Севярынец і выйшла адмыслова да гадавіны 80-годзьдзя «ночы расстраляных паэтаў». У імпрэзе возьмуць удзел Лідзія Малініна, Аляксандар Фядута, Анатоль Сідарэвіч і Васіль Дранько-Майсюк.
Свабода будзе шырока асьвятляць памятныя імпрэзы, у тым ліку наладзіць жывую відэатрансьляцыю з «Ночы паэтаў» у Курапатах.
У міністэрствах культуры і інфармацыі Беларусі карэспандэнту Свабоды адказалі, што не плянуюць 29 кастрычніка праводзіць памятныя мерапрыемствы, прысьвечаныя ахвярам сталінскіх рэпрэсій.