«Помсьцяць за тое, што расказаў пра спробу заразіць сухотамі». Статкевіча будуць судзіць за інтэрвію пад турмой

Адзін з арганізатараў «Маршу абураных беларусаў», сустаршыня Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч атрымаў каля дзясятка позваў і судовых рашэньняў.

Паводле яго, перад суботняй акцыяй, каб пазьбегнуць прэвэнтыўнага арышту, разам з жонкай Марынай яны на 10 дзён зьехалі зь Менску. А калі дабраліся дадому, з паштовай скрыні дасталі пісьмовыя паведамленьні зь міліцэйскіх, судовых і пракурорскіх устаноў.

«У асноўным паперы з гарадзкога суду на мяне, — удакладніў Свабодзе спадар Статкевіч. — Марына пасьля 5-суткавага арышту за 8 верасьня абскардзіла рашэньне Ленінскага раённага суду Менску. Аднак Менскі гарадзкі суд вырашыў, што я быў належным чынам паінфармаваны, проста ніяк на гэта не адрэагаваў. Зазначу, што ўсё адбывалася ў той час, як я ўжо адбываў 15-суткавы арышт. Хто ня ведае: калі сядзіш на Акрэсьціна, нават асадку забіраюць, ня кажучы пра тое, каб паведаміць пра нейкі суд.

Далей, калі заканчваліся тыя 15 сутак, мяне за гадзіну да сканчэньня вывезьлі ў Ленінскі РУУС і выпускалі ўжо адтуль. Але я вярнуўся на таксоўцы да Акрэсьціна, бо ведаў, што мяне сустракаюць, і даў там інтэрвію. Сярод іншага расказаў, што была мэтанакіраваная спроба заразіць мяне на сухоты. Завялі чалавека, крыху патаптаўся ля дзьвярэй, а потым раптам прызнаўся, што ён „тубік“, як кажуць на іхным жаргоне, але яму забаранілі пра гэта казаць».

Паводле Міколы Статкевіча, найбольш яго ўразіў пратакол з Маскоўскага РУУС, складзены за «несанцыянаванае пікетаваньне». Выявілася тое ў выглядзе інтэрвію, якое ён «публічна» даў незалежным СМІ каля турмы пасьля вызваленьня 7 кастрычніка. Пратакол накіраваны ў суд, дата паседжаньня ўдакладняецца.

Статкевіч паведаміў, што шмат капэртаў прыйшло на імя жонкі, аднак яна прынцыпова іх не адкрывае.

«Што ні кажыце, а ў „далібэралізацыйныя“ часы такога не было, каб падчас адміністрацыйнага арышту спрабавалі наўмысна заразіць сухотамі, а пасьля складалі пратакол (паводле якога зноў жа пасадзяць) за інтэрвію пра спробу заражэньня. Помсьцяць, што не атрымалася заразіць?

Я шмат разоў бываў у розных турмах, але ніколі не было такіх гнюснасьцяў. Дарэчы, ня толькі сухоты, у таго чалавека былі і іншыя праблемы, у якіх ён таксама прызнаўся. У любым разе ў мяне атрымалася хутка яго з камэры прыбраць, дзякуй Богу. Дзеля справядлівасьці, цяпер баюся за ягонае жыцьцё — яму так ці інакш адпомсьцяць, што прызнаўся, хоць ня мусіў гэтага рабіць. Але яшчэ раз хачу падкрэсьліць: упершыню такая гнюснасьць робіцца падчас адбываньня адміністрацыйнага арышту. І таксама першы раз зьбіраюцца судзіць за інтэрвію пад сьценамі Акрэсьціна. Так, здаралася, што вывозілі раней часу, каб не сустракалі, але за гутарку з журналістамі — гэта маразм. Не магу расцаніць інакш, толькі як прымітыўную помсту».

Статкевіч мяркуе, што неўзабаве пракуратура ды судовыя органы пачнуць актыўнічаць выклікамі ды позвамі па выніках «Маршу абураных беларусаў», які адбыўся 21 кастрычніка ў Менску.

Радыё Свабода