Навіны

Францыя абірае прэзыдэнта

У Францыі праходзіць другі тур прэзыдэнцкіх выбараў. У галасаваньні могуць узяць удзел больш за 46 мільёнаў выбарцаў. Адзнааецца высокая яўка.

Паводле апошніх апытаньняў, лідэр першага туру сацыяліст Франсуа Алянд абыходзіць дзейнага прэзыдэнта Нікаля Сарказі на 4 працэнты.

Алянд выступае за перамены — у прыватнасьці, абяцае перагледзець пункты Эўрапейскага фіскальнага пакту ў пляне забесьпячэньня высокіх тэмпаў эканамічнага росту і зьніжэньня ўзроўню беспрацоўя.

Лёзунг Сарказі — «Моцная Францыя». Ён выступае за ўзмацненьне жорсткасьці правіл іміграцыі і ў абарону «францускага ладу жыцьця».

Да апошняга моманту незразумела, каму аддадуць свае галасы выбарцы экс-кандыдата ультраправых Марын Ле Пэн, якая ў першым туры заняла трэцяе месца — каля 18 працэнтаў галасоў, і былога кандыдата-цэнтрыста Франсуа Байру — больш за 9 працэнтаў. Перад выбарамі Ле Пэн заявіла, што не падтрымае ніводнага з кандыдатаў, пры гэтым сацыёлягі лічаць, што 55 працэнтаў яе галасоў адыдуць Сарказі і толькі 19 — Алянду. Байру выказаў гатовасць падтрымаць Алянда.

Першыя вынікі галасаваньня стануць вядомыя адразу пасьля закрыцьця выбарчых участкаў у 20.00.

Радыё Свабода