Акцыя салідарнасьці ў Празе

Беларуская Асацыяцыя за мадэрнізацыю ў Чэхіі разам з экс-кандыдатам у прэзідэнты РБ Алесем Міхалевічам, пры падтрымцы Беларускай Грамады ў Празе правяла  акцыю салідарнасьці з беларускімі палітычнымі вязьнямі.

На акцыю на Вацлаўскай плошчы ў Празе 4 траўня а 19-й сабраліся блізу трох дзясяткаў чалавек, якія раздавалі мінакам падпісаныя паштоўкі з адрасамі беларускіх турмаў, дзе ўтрымліваюцца палітзьняволеныя. Прыкладам, для вязьня, экс-кандыдата ў прэзыдэнты Міколы Статкевіча было раздадзена больш за паўсотні паштовак.

На акцыі прысутнічалі прадстаўнікі чэскіх СМІ. Асабіста прысутнічаў і сказаў словы падтрымкі беларускім дэмакратам Багдан Данілішын — былы міністар эканомікі Ўкраіны. Разам з ім салідарнасьць беларусам выказалі актывісты ўкраінскай арганізацыі «Пэрспэктыва».

Акцыя выклікала цікавасьць з боку жыхароў Прагі і шматлікіх турыстаў. Яны добраахвотна прапаноўвалі ўзяць плякаты і беларускія нацыянальныя сьцягі, каб сфатаграфавацца разам зь беларускімі актывістамі.

паводле Радыё Свабода