Навіны

Апазіцыя аб’ядналася, каб годна адсвяткаваць 100 гадоў БНР

Сто гадоў таму дзеля стварэння Беларускай народнай рэспублікі аб’ядналіся прадстаўнікі розных поглядаў і вызнанняў. Ідэя незалежнасці абʼядноўвае і цяпер. Напярэдадні Аргкамітэт у святкаванні 100-годдзя БНР здолеў дамовіцца пра фармат і месца вулічнай акцыі 25 сакавіка ў Менску. У паседжанні ўзялі ўдзел амаль усе дэмакратычныя партыі ды арганізацыі.

Рашэнне прынятае аднагалосна Шэсцю – быць.

«Нарэшце дэмакратычныя сілы абʼядналіся, хаця б дзеля адной акцыі, мы на гэта разлічвалі ў БНК», – зазначыў палітык Мікола Статкевіч.

«Тут мы бачым і БНФ, і БХД, і БНК, і ўсіх іншых. Мяне гэта вельмі цешыць. І я мяркую, што мерапрыемства пройдзе годна», – дадаў лідар БНФ Рыгор Кастусёў.

Збор удзельнікаў распачнецца а 14-ай гадзіне

Месца збору – плошча Якуба Коласа. А 15-ай калона рушыць уздоўж праспекту Незалежнасці да плошчы Свабоды, дзе адбудзецца мітынг-канцэрт. Згодна з рашэннем аргкамітэту, Дзень волі мае прайсці мірна і святочна.

«Не як акцыя пратэсту, асуджэння чагосьці. Святочна. Каб людзі маглі прыйсці з дзецьмі, з кветкамі, семʼямі на гэтае святкаванне», – тлумачыць фармат акцыі Лявон Баршчэўскі, грамадскі дзеяч.

Зусім несвяточна было летась

Дзень Волі, які адбываўся на хвалі пратэстаў супраць дэкрэту аб дармаедах, брутальна зачысціла міліцыя.

Штогод улады робяць усё магчымае, каб акцыя не адбылася. Або прайшла незаўважна. Сёлета Аргкамітэт святкавання звярнуўся да кіраўніцтва краіны з прапановаю зрабіць 25-га сакавіка нацыянальным святам.

Працоўная група працягнула абмеркаванне сёння. Неўзабаве ў Менскі гарвыканкам накіруюць заяўку на правядзенне акцыі.

Як падкрэсліваюць арганізатары, вулічная акцыя 25-га сакавіка – гэта толькі частка імпрэзаў, прымеркаваных да 100-годдзя БНР.

Для тых, хто не ведае, аргкамітэт тлумачыць. Галоўнае, прыйсці ў месца збору 25-га сакавіка. Найлепш з нацыянальнаю сімволікай. І абавязкова са святочным настроем.

Вольга Жарнасек, «Белсат», фота: Rymakov Vadim / ITAR-TASS / Forum