Навіны

Мікалай Статкевіч: Улада мусіць з намі гандлявацца

Улады прапанавалі апазіцыі адмовіцца ад шэсця на 100-годдзе абвяшчэння БНР. Арганізатары сустрэліся абмеркаваць сітуацыю, але ці дамовіліся?

Глядзіце “Гарачы каментар” на Белсаце

«Улада нефармальна прапануе нам скасаваць нашую фармальную заяўку, якую мы падалі. Адмовіцца ад шэсця. Яны падкрэсліваюць, што прымуць усе неабходныя захады для бяспекі ўдзельнікаў гэтага канцэрту. То бок краты вакол, мінашукальнікі і сабакі. Яны хочуць, каб мы на іх нефармальную прапанову адклікалі сваю фармальную заяўку і напісалі новую – толькі на канцэрт. Безумоўна мы разглядаем сам факт, што ўлада пачынае нейкі гандаль, як станоўчы. Мы гатовыя да перамоваў. Добра, нарэшце да ўладаў дайшло, што заўсёды знойдуцца людзі, якія годна адсвяткуюць гэтую дату ў цэнтры Менску, куды б не адпраўлялі заяўнікаў», – кажа Мікалай Статкевіч.

Аргкамітэт прыняў рашэнне ўступіць у гандаль, падкрэсліў палітык.

«Мы не збіраемся адклікаць заяўку, але гатовыя ісці на ўзаемныя саступкі. Мы сфармавалі групу перамоўнікаў з 7 асобаў. Калі яны дасягнуць нейкага рашэння ўсё роўна яно будзе зацверджана на аргкамітэце. Сёння мы паспрачаліся, але прайшлі да агульнай пазіцыі перамоваў. Для нас прынцыпова шэсце.

Цяпер уладам выгодна прадэманстраваць нейкую прыхільнасць да незалежнасці. У100-гадовы юбілей нападаць на патрыётаў яны не здолеюць. Гэтую сітуацыю стварылі тыя людзі, якія два з паловай гады выходзілі ў цэнтр Менску і шлі шэсцем па галоўным праспекце да плошчы Незалежнасці. Дзякуючы гэтым людзям улада ведае, што будзе перад альтэрнатывай: альбо шэсце адбудзецца без дазволу альбо прыйдзецца нападаць. Таму ўлада мусіць з намі гандлявацца. Гэта нашая перамога», – дадаў Мікалай Статкевіч.

Больш глядзіце ў відэа.

Белсат