Навіны

“Свабоду Святаславу Барановічу” Заява Камітэта па вызваленні палітвязняў

25 красавіка ў Мінску адбыўся сход прадстаўнікоў грамадскасці, каб абмеркаваць сітуацыю, звязаную з прысудам Святаславу Барановічу.
У сходзе ўзялі ўдзел кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, былы палітвязень, паэт і палітык Уладзімір Някляеў, су
старшыня БХД і былы палітвязень Павел Севярынец, паэт і былы палітвязень Славамір Адамовіч, адзін з лідараў БНК і Руху салідарнасці “Разам”, былы палітвязень Вячаслаў Сіўчык, праваабаронца і былы палітвязень Алег Воўчак, былы палітвязень, грамадскі актывіст Зміцер Каспяровіч, грамадскія актывісты Аляксей Сюдак, Юрый Ваўчок, Марына Адамовіч.
У сувязі з тым, што ўлады ўсё часцей пры пераследзе дэмакратычных актывістаў скарыстоўваюць абвінавачванні ў крымінальных злачынствах, найперш, у нападзе на супрацоўнікаў міліцыі альбо хуліганстве, якія не толькі ствараюць скажоную карціну ў вачах грамадства, але, часта, пакідаюць пераследуемых па-за ўвагай і абаронай праваабарончых арганізацый, удзельнікі сустрэчы вырашылі стварыць Камітэт па вызваленні палітвязняў і сканцэнтраваць сваю ўвагу і высілкі, найперш, на падтрымцы Святаслава Барановіча і іншых актывістаў, чый крымінальны пераслед мае выразна палітычны характар, але маскіруецца пад пабытовыя злачынствы.
Каардынатарам абраная Марына Адамовіч.

Камітэт прыняў заяву ў абарону Святаслава Барановічаю Друкуем тэкст заявы цалкам:                                       

                                                            ***

                               Заява Камітэта па вызваленні палітвязняў

                                   “Свабоду Святаславу Барановічу”

Камітэт па вызваленні палітвязняў вымушаны канстатаваць, што, насуперак заявам сённяшніх уладаў Беларусі ў дыялогу з Еўрапейскім Звязам аб павазе да правоў чалавека ў нашай краіне, рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці працягваюцца і нават набываюць больш жорсткі характар. Палітычныя, па сваёй сутнасці, пераследы і арышты маскіруюцца ўладамі не толькі пад адміністратыўныя, але і пад крымінальныя злачынствы.

Наўпростым доказам таго з’яўляецца зняволенне і нядаўні прысуд Святаславу Барановічу. Яго, удзельніка санкцыянаванага ўладай шэсця на Дзень Канстытуцыі, асудзілі да трох год зняволення за спробу абараніць мірных удзельнікаў акцыі ад нападу невядомых “людзей у цывільным”.

Мы расцэньваем пераслед Святаслава Барановіча, як і зняволенне Змітра Паліенкі, і нядаўняе затрыманне незалежнага журналіста Змітра Галко, таксама абвінавачаных у нападзе на супрацоўнікаў міліцыі, як адназначны пасыл улады грамадзянскай супольнасці, скіраваны на запалохванне грамадства, падаўленне яго волі да супраціву гвалтоўным дзеянням і перадухіленне мірных пратэстных акцый.

Камітэт па вызваленні палітвязняў адназначна і аднагалосна вызнае Святаслава Барановіча палітвязнем і заклікае беларускую і міжнародную грамадскасць да салідарнасці з ім.

Заклікаем неабыякавых грамадзян прыйсці ў Мінскі гарадскі суд, дзе будзе разглядацца апеляцыйная скарга на прысуд Святаславу Барановічу, 4-га траўня ў 10 гадзін, каб падтрымаць палітвязня!

Свабоду палітвязням!
Свабоду Святаславу Барановічу!

Мінск                                                                  25.04.2018 г.