Актуальна

Заява прэзідыума БСДП (НГ) аб рэпрэсіях 1 траўня

Заява прэзідыума БСДП “Народная Грамада” аб рэпрэсіях 1 траўня –

дня барацьбы працоўных за свае правы.

Штогод сацыял-дэмакраты ўсяго свету 1 траўня ладзяць дэманстрацыі, падымаюць і агучваюць самыя важлівыя праблемы працоўных.

Наша партыя – адзіная з сацыял-дэмакратычных партый Беларусі – працягвае рэальную барацьбу за правы працоўнага насельніцтва краіны і з гэтай прычыны пападае пад рэспрэсіі з боку ўлады. Гэты год не стаў выключэннем.

Сябры нашай партыі прымалі ўдзел толькі ў санкцыяваных мерапрыемствах. Нягледзячы на гэта, пяцёра чалавек было затрымана. Двух з іх вызвалілі праз некалькі гадзін, а астатніх, генеральнага сакратара партыі Сяргея Спарыша, старшыню Менскай гарадской арганізацыі Валянціна Трокскага і актывіста Андрэя Шыпуліна, адправілі на ІЧУ, каб назаўтра судзіць. Два з іх адразу абвясцілі галадоўку.

Баючыся рэакцыі міжнароднай сацыял-дэмакратычнай супольнасці, рэпрэсіўны апарат не адважыўся караць нашых актывістаў соднямі. Таму былі выкарыстаны дробязныя подласці і нават катаванні. Каб як мага болей пратрымаць актывістаў за кратамі у суд іх прывезлі за гадзіну да яго закрыцця, прытым што за содні пакармілі 1 раз, і то толькі аднаго з трох.

Пасля дробных подласцей перайшлі да катаванняў: міліцэйскi мікрааўтобус, у якім прывезлі пяцярых палітычных (за акцыі 1 траўня асуджанна 5 чалавек – 3 з Народнай Грамады і 2 анархісты), наўмысна паставілі на сонцы і не выводзілі затрыманых у будынак суда. У невялічкай задняй камеры мікрааўтобуса знаходзілася 4 чалавекі, якія пачалі пакутаваць ад спякоты і недахопу паветра. Толькі пасля таго, як яны пачалі бесперапынна грукаць у сцены газэлі, а сябры, якія прыйшлі іх падтрымаць у судзе, здымаць гэтыя катаванні на відыё, міліцыянты спужаліся, спынілі катаванні і перавялі затрыманых у будынак суда.

Беларускі суд у сваёй класічнай манеры, не звяртаючы ўвагі на падлог пратаколаў, разыходжанні ў сведчаннях амапаўцаў і адсутнасць доказаў, асудзіў нашых сяброў.

Нягледзячы на ўсе рэпрэсіі з боку ўлады, БСДП (Народная Грамада) з яшчэ большым імпэтам працягне сваю барацьбу за правы і свабоду Беларусі і яе грамадзян супраць антынароднай злачыннай улады.

Свабоду палітвязням!

Уладу народу!

Жыве вольная і незалежная Беларусь!