Навіны

Суды за Першамай

1-га траўня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска адбыліся суды над сябрамі Народнай Грамады і ўдзельнікамі анархісцкага руху, затрыманымі падчас афіцыйна дазволеных святочных мерапрыемстваў у парку Перамогі і ў Кіеўскім скверы. Вось што аб гэтым напісаў Мікалай Статкевіч на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

«Прайшлі суды над сябрамі Народнай Грамады за іх удзел у афіцыйным святкаванні 1 мая. Затрыманых сацыял-дэмакратаў у 16.50 нарэшце даставілі ў Цэнтральны суд. Іх трымалі ў ІЧУ і не кармілі болей за суткі. Потым доўга трымалі ў маленькім атсеку міліцэйскага мікрааўтобуса каля суда на сонцы.

Нашы таварышы пачалі задыхацца ад недахопу паветра і спёкі. Таму яны былі вымушаны пачаць біць у сценкі аўтобуса. Людзі вакол скандзіравалі: «Паветра!»
Гэта прымусіла «праваахоўнікаў» спыніць кататаванні і вывесці затрыманых у будынак суда.

Сяргея Спарыша абвінавацілі ў тым, што ён трымаў на першамайскім святкаванні плакат «Первомай, усатого петуха посылай». Ён заявіў хадайніцтва далучыць да матэрыялаў справы фоты вусатых пеўняў пароды «араукана». Суддзя задаволіла гэта хадайніцтва. Сяргей атрымаў штраф у 15 базавых велічынь (150€).

Валянціна Троцкага прысудзілі да штрафа ў 10 базавых за лозунг «Дайте народу работу и свободу!».
Андрэй Шыпулін атрымаў 20 базавых штрафа. Мабыць, за «казацкую» прычоску і шаўрон са сцягам Украіны побач з беларускім».