У Варшаве распачалося шматтысячнае шэсьце з нагоды Дня Незалежнасьці
У нядзелю 11 лістапада Польшча адзначае 100 гадоў аднаўленьня незалежнасьці. Асноўныя ўрачыстасьці праходзяць у Варшаве.
Штогод 11 лістапада па ідэнтычным маршруце праходзіць Марш незалежнасьці. Яго ладзяць праварадыкальныя нацыяналістычныя арганізацыі. Сёлета ўлады краіны дамовіліся з арганізатарамі правесьці акцыю разам.
Шэсьце 11 лістапада ў апошнія гады часта заканчвалася сутыкненьнямі з паліцыяй. У гэтым годзе прэзыдэнтка Варшавы забараніла марш, але суд пазьней адмяніў яе рашэньне. У выніку нацыяналісты пагадзіліся далучыцца да дзяржаўнага маршу незалежнасьці.
Дзяржаўныя ўрачыстасьці пачаліся ў саборы Божага провіду ў Варшаве. У ім сабраліся прэзыдэнт Анджэй Дуда, прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі і лідэр кіроўнай партыі «Права і справядлівасьць» Яраслаў Качыньскі.
Анджэй Дуда падчас імшы запаліў сьвечку, падораную Варшаве ў 1867 годзе папам Піем IX, нібыта з жаданьнем «запаліць яе, калі Польшча ўжо будзе вольнай».