НЕ ДАЗВОЛІМ УЦЯГНУЦЬ БЕЛАРУСЬ У СМЯРОТНЫ КАНФЛІКТ!

Зварот Рады БНК 

Беларускі рэжым уцягвае нашую краіну ў небяспечны канфлікт паміж Расеяй і Захадам. Размяшчэнне на беларускай тэрыторыі расейскай ваеннай базы зробіць нас мішэнню ў выпадку ўзброенага канфлікта і будзе пастаяннай пагрозай суверэнітэту Беларусі. 
 
Кіраўнік рэжыма заявіў, што ПАКУЛЬ у размяшчэнні расійскіх войскаў няма неабходнасці. Але таксама папярэдзіў, што калі ў Польшчы з\’явіцца пастаянная амерыканская вайсковая база, то ў адказ на нашай зямлі будуць размешчаны расійскія вайсковыя сілы. Амбасадар Расіі падцвердзіў гэты план.
 
Залежнасць беларускага рэжыму ад Расеі робіць усіх нас закладнікамі яе небяспечнай палітыкі і пагражае ня толькі палітычнаму, але і фізычнаму існаванню Беларусі. Пазбавіцца небяспечнай залежнасці можна толькі шляхам эканамічных і палітычных рэформ. Беларускі рэжым ня мае на гэта ані здольнасцяў, ані жадання.
 
Каб уратаваць нашую краіну неабходна вярнуць яе да дэмакратыі. Наша змаганне за рэформы, за дэмакратычныя змены, за сумленныя выбары – гэта змаганне за мір і жыццё для нашага народа. 
 
Беларускі Нацыянальны Кангрэс будзе працягваць барацьбу за свабоду, а значыць, супраць замежных вайсковых баз на нашай зямлі. Беларусы, падумайце пра лёс вашых дзяцей і ўнукаў, далучайцеся да гэтай барацьбы! 
 
Уладу народу! 
Жыве Беларусь!