Навіны

НАПАЛОХАНЫ САМАЗВАНЕЦ

Сённяшнія арышты музыкаў ды актывістаў, як і затрыманні ўдзельнікаў учарашняга святкавання Дня Волі, праведзенага ў дазволенай ўладай рэзервацыі — усё гэта важны сігнал рэжыма грамадству. Яго сэнс такі — гульні з «апазіцыяй-лайт» скончыліся. 

Кіраўніку рэжыма трэба як мага хутчэй аформіць сваё «пераабранне», каб потым спакойна гандлявацца з Пуціным аб умовах здачы суверэнітэта і сваім месцы ў кіраўніцтве «саюзнай дзяржавы».

Правесці бяспечна для рэжыма чарговую імітацыю «выбараў» ва ўмовах, калі дыктатара шчыра ненавідзіць 80% насельніцтва — вельмі складаная задача. Таму любая публічная праява непакоры цяпер будзе сустракаць неадэкватную рэакцыю напалоханага рэжыма. 

Цяпер «канструктыўным апазіцыянерам» трэба выбіраць — альбо прыняць позу поўнай пакоры, альбо апынуцца ў становішчы ворагаў рэжыма. Паводзіць сябе цалкам «канструктыўна» і пры гэтым толькі казаць «радыкальна» — такі варыянт цяпер таксама выклікае рэпрэсіі.

Арышты выбітных музыкаў за намер правесці бесплатны канцэрт на пешаходнай вуліцы, а таксама затрыманні людзей за іх жаданне ўскласці кветкі да будынку, дзе ў 1918 годзе працавала Рада БНР — красамоўныя сведчанні пра канец нават уяўнай «лібералізацыі».

У адказ на арышты мінскі актыў Народнай Грамады мусіў перапыніць урачыстую вечарыну ў гонар Дня Волі і замест затрыманых ускласці кветкі да месца, дзе працавалі бацькі-заснавальнікі БНР.

Самазванец недарэмна напалохаўся. Бо ён нарэшце зразумеў, як ставіцца да яго народ. Цяпер усё вызначыць наша воля да свабоды.

Жыве Беларусь!


Мікалай Статкевіч                                          25 сакавіка 2019 года


preload imagepreload image