НАПАЛОХАНЫ САМАЗВАНЕЦ
Кіраўніку рэжыма трэба як мага хутчэй аформіць сваё «пераабранне», каб потым спакойна гандлявацца з Пуціным аб умовах здачы суверэнітэта і сваім месцы ў кіраўніцтве «саюзнай дзяржавы».
Правесці бяспечна для рэжыма чарговую імітацыю «выбараў» ва ўмовах, калі дыктатара шчыра ненавідзіць 80% насельніцтва — вельмі складаная задача. Таму любая публічная праява непакоры цяпер будзе сустракаць неадэкватную рэакцыю напалоханага рэжыма.
Цяпер «канструктыўным апазіцыянерам» трэба выбіраць — альбо прыняць позу поўнай пакоры, альбо апынуцца ў становішчы ворагаў рэжыма. Паводзіць сябе цалкам «канструктыўна» і пры гэтым толькі казаць «радыкальна» — такі варыянт цяпер таксама выклікае рэпрэсіі.
Арышты выбітных музыкаў за намер правесці бесплатны канцэрт на пешаходнай вуліцы, а таксама затрыманні людзей за іх жаданне ўскласці кветкі да будынку, дзе ў 1918 годзе працавала Рада БНР — красамоўныя сведчанні пра канец нават уяўнай «лібералізацыі».
У адказ на арышты мінскі актыў Народнай Грамады мусіў перапыніць урачыстую вечарыну ў гонар Дня Волі і замест затрыманых ускласці кветкі да месца, дзе працавалі бацькі-заснавальнікі БНР.
Самазванец недарэмна напалохаўся. Бо ён нарэшце зразумеў, як ставіцца да яго народ. Цяпер усё вызначыць наша воля да свабоды.
Жыве Беларусь!