УЛАДЗІМІР НЯКЛЯЕЎ. КАНЦЭРТ У ГЕТА
Верне вясна на лета.
Ямы лягчэй капаць.
Сёння канцэрт у гета.
Сёння не будуць страляць.
Сёння не будуць труціць
У душагубках газам.
Сёння не будуць паліць –
Ва ўсякім разе ўсіх разам.
Смерць рытуальны танец
Сёння танцуе сонна…
Сёння мы маем шанец
Попелам стаць не сёння.
26.03.2019
Уладзімір Някляеў