Зварот да ўдзельнікаў набажэнства на плошчы Свабоды

Палітык заклікаў беларусаў быць мужнымі.

Адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч перадаў праз сайт Charter97.org зварот да ўдзельнікаў акцыі-малебну на плошчы Свабоды ў Менску:

«Да тых, хто прыйшоў на плошчу Свабоды.

Калі вы чытаеце гэтыя радкі, значыць я ўжо арыштаваны.

За мной увесь час сочаць. І часта арыштоўваюць перад важнымі падзеямі, бо баяцца, каб я не быў разам з вамі на Плошчы.

Вось і цяпер з суботы да традыцыйнага сачэння супрацоўнікаў КДБ знадворку каля дома дадаліся яшчэ два аўтобусы з АМАПам, і некалькі машын з міліцыяй. Што ж, сёння мне не ўдалося прарвацца да вас. Але свабода і лёс краіны не павінны залежаць ад волі аднаго чалавека.

Цяпер ёсць толькі адзін шлях, каб зрабіць бязглуздымі прэвентыўныя арышты, каб здабыць нашу агульную волю.

Трэба, каб замест аднаго зняволенага на Плошчу выходзілі сотні і тысячы новых людзей. Каб на Плошчы нараджаліся новыя лідары.

Будзьце мужнымі. Беларусь стане вольнай толькі тады, калі мы будзем змагацца за яе свабоду.

Жыве Беларусь!»

Як паведаміла Марына Адамовіч, якая знаходзіцца каля Свята-Духавай Катэдры, яе мужа Мікалая Статкевіча недалёка ад дома затрымала міліцыя, калі яны разам накіроўваліся да месца набажэнства. На пытанне, якая прычына затрымання, міліцыянты адказалі: «Ну вы ж заклікалі маліцца».

На плошчы Свабоды таксама зачыталі зварот Мікалая Статкевіча, з якім ён збіраўся выступіць падчас набажэнства:

– Мы раз\’яднаныя. Таму падступны верхавод робіць з намі, што яму заўгодна.

Мы супакойваем сябе, калі працаўнікам плацяць нікчэмныя грошы, на якія немагчыма пражыць – нам жа плацяць больш.

Калі падвышаюць пенсійны ўзрост і амаль не падвышаюць жабрацкія пенсіі – нам жа яшчэ далёка да пенсійнага ўзросту.

Калі абкладваюць паборамі беспрацоўных – у нас жа ёсць афіцыйная праца.

Калі адбіраюць дзяцей з бедных шматдзетных сем\’яў (а большасць шматдзетных становяцца беднымі) – у нас жа няма столькі дзяцей.

Калі «праваахоўнікі» здзекуюцца з тых, што патрапілі ў іх рукі – нас жа яшчэ не чапалі.

Калі падчас Крыжапаклоннага тыдня Вялікага посту падступны кіраўнік, які (вы заўважылі?) ніколі не хрысціцца ў храмах, апаганьвае галоўны сімвал хрысціянскай веры – мы ж не ходзім у царкву.

Ніхто іншы не прынясе нам вызваленне ад злачынца пры ўладзе, не падорыць нам годнага жыцця – ні Пуцін, ні NATO. Нам давядзецца развязваць гэтае пытанне самім. А для пачатку трэба зразумець – мы адзіны народ. І бяда ў нас агульная – мы трапілі пад уладу злога.

Усе мы браты і сёстры ў гэтай агульнай бядзе. Боль і прыніжэнне кожнага – гэта ўсеагульны боль. І апаганьванне хрысціянскага крыжа – гэта абраза ўсяго нашага народа, нашай памяці, нашых продкаў. Гэта абраза кожнага з нас.

Сёння я прапаную супольную малітву за збавенне ад лукавага.

Хто не ведае: «… збаў нас ад лукавага» – гэта заканчэнне Хрыстовай малітвы «Ойча наш».

Калі нас збярэцца дастаткова, малітва абавязкова дапаможа.

Мы – адзін народ. Толькі разам мы зможам вярнуць сабе свабоду і годнасць.

Слава Ісусу Хрысту!

Жыве Беларусь!

Нагадаем, што 4 красавіка ўлады знеслі крыжы па перыметры Курапатаў.

Актывісты паведамляюць, што было знесена і вывезена блізу 100 крыжоў.

1 сакавіка на прэс-канферэнцыі Лукашэнка выказаў незадаволенасць крыжамі вакол Курапатаў, якія бачныя з дарогі.

Адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікола Статкевіч заклікаў выйсці ў нядзелю на малебен 7 красавіка а 12-й на плошчу Свабоды ля менскага Свята-Духава кафедральнага (праваслаўнага) сабора.

Сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павел Севярынец падтрымаў правядзенне набажэнства ў нядзелю каля менскага Свята-Духава кафедральнага сабора.

Хартыя\’97