“Спыніць новую хвалю рэпрэсій”. Зварот Рады БНК
СПЫНІЦЬ НОВУЮ ХВАЛЮ РЭПРЭСІЙ.
Зварот Рады БНК
Правячы рэжым пачаў падрыхтоўку да выбарчых кампаній, якія будуць адбывацца на фоне значных сацыяльных праблем і нянавісці да дыктатара падаўляючай большасці народа.
Каб прадухіліць масавыя пратэсты, сілавікі рэжыма распачалі новую кампанію рэпрэсій і запалохвання грамадства.
У турмах катуюць палітзняволеных Міхаіла Жамчужнага і Святаслава Барановіча. Сфабрыкавана новая крымінальная справа супраць былога вязня сумлення Дзмітрыя Паліенкі. Не спыняецца ціск на Генадзя Фядыніча, асуджанага да абмяжавання волі.
Каб паралізаваць волю грамадства да супраціву дыктатар загадаў знішчыць крыжы вакол месца масавых сталінскіх забойстваў у Курапатах. Тыя, хто спрабаваў бараніць крыжы ці проста заклікаў да малітвы ў іх абарону, былі асуджаны да арыштаў.
Пачаў карацца нават удзел у самастойных жалобных мерапрыемствах каля магіл савецкіх салдат, загінуўшых пры вызваленні Мінска ад нацыстаў.
Скарыстаўшыся няздатнасцю зарэгістраванай апазіцыі да несанкцыянаванага пратэста, відавочна праяўленай перад святкаваннем 100-годдзя БНР, улады непамерна паднялі плату за санкцыянаваныя массавыя мерапрыемствы для іх арганізатараў. Такім чынам, магчымасць правядзення ў Беларусі санкцыянаваных пратэстных акцый фактычна скасавана.
Рада Беларускага Нацыянальнага Кангрэса заклікае да салідарнасці з палітзняволенымі, патрабуе іх вызвалення і спынення рэпрэсій.
Мы таксама звяртаемся да ўрадаў краін ЕС з заклікам скарыстацца правядзеннем у Беларусі Другіх Еўрапейскіх гульняў і аказаць уціск на беларускі рэжым у падтрымку гэтых патрабаванняў.
Вялікае спартыўнае свята еўрапейскага масштаба несумяшчальнае з наяўнасцю палітвязняў і палітычных рэпрэсій у краіне, якая з’яўляецца арганізатарам Еўрапейскіх гульняў.
Спыніць рэпрэсіі можа толькі нашая салідарнасць.
Будзьма разам!
Жыве Беларусь!
г. Мінск 1 чэрвеня 2019 г.