Уладзімір Някляеў: З днём з’яўлення ў Божым свеце, спадар Мікола!
Паэт i палiтык Уладзімір Някляеў павiншаваў лідэра БНК Мікалая Статкевіча з днём народзінаў, якому сёння споўнілася 63 гады.
«Дзень народзінаў Міколы Статкевіча.
Як на кожнай беларускай рацэ, гэтак і на рацэ майго дзяцінства Вяллі левы бераг палогі, правы – круты. І ўсе купаліся пры левым. Зручна, бяспечна. Як сёння апазіцыі пры «дыялогу» і каве пры ім.
Толькі Стась Цвікевіч пераплываў на бераг правы і скакаў там з кручы ў вір. Для гэтага трэба было мець смеласць, але тыя, хто плаваў пры левым беразе, хто быў слабы ў каленьках, каб скочыць з кручы ў вір, не казалі, што Стась смелы. «Вырабляецца, паказацца хоча», – казалі пра яго «левыя».
Калі мы былі ў 8-м класе, сям’я Стася пераехала ў іншы горад – і правы бераг Вяллі апусцеў. Стась адзін запаўняў яго так, як усе астатнія левы запаўнялі…
З днём з’яўлення ў Божым свеце, спадар Мікола!», – напісаў Уладзімір Някляеў на сваёй старонцы ў Facebook.